Бяспечныя канікулы

5 июня 2018

Ратавальнікі, інспектары ДАІ і самі бацькі з надыходам лета занепакоеныя бяспекай дзяцей. Напрыклад, з канца мая на дарогах здарылася пяць аварый з удзелам непаўналетніх, а усяго з пачатку года на дарогах вобласці загінулі чацвёра дзяцей, пацярпелі - 37. Ахвяры ёсць і сярод небяспечных гульняў з агнём. Урокі па бяспецы праходзяць у школах, садках і лагерах штодзень. Правілы бяспечнага дзяцінства вывучыла і Наталля Кезік.

Эксклюзіўную калекцыю дзіцячых футболак распрацавала малады дызайнер Аляксандра Барысавец. Імкнулася, каб малюнак быў зразумелым і абавязкова запамінальным. Мультыплікацыйных герояў-ратавальнікаў на тканіну наносілі двума спосабамі - пігментным і лічбавым. Акрамя гэтага, на кожнай футболцы - абавязкова нумар тэлефона ратавальнікаў. Першая партыя разумнага адзення - амаль тры тысячы экзэмпляраў.

Эвакуацыя і правілы паводзін на пажары - у фармаце, зразумелым для дзяцей. Квэсты і гульні у садках і школах на час летніх канікул - паўсядзённая праца ратавальнікаў. На гэты раз спецыялісты завіталі ў Барысаўскі дзіцячы сад. Для выхаванцаў падрыхтавалі безліч гульнявых зон - паласу перашкод, гардэробную сапраўднага пажарнага і фотазону з любімымі плюшавымі героямі. Такім чынам ратавальнікі і вучаць дзяцей, як правесці лета бяспечна.

З урокамі па бяспецы да дзяцей адправіліся і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

З пачатку года ў вобласці здарылася 35 ДТЗ, дзе пацярпелі дзеці. Найбольш частыя прычыны - неасцярожнасць і няўважлівасць пешаходаў і вадзіцеляў падчас руху. Ёсць выпадкі здарэнняў і з удзелам юных веласіпедыстаў.

Па правілах, па дарогах агульнага карыстання дзеці на веласіпедах могуць ездзіць толькі з 14 гадоў, а перад пешаходным пераходам абавязкова неабходна спешвацца. Больш за тое, бацькі абавязкова павінны звярнуць увагу як абсталяваны двухколавы - на ім абавязкова павінны быць ліхтары белага і чырвонага колераў, а таксама святлоадбівальнікі на колах.

Падчас летніх канікул большасць часу дзеці праводзяць на вуліцы і без нагляду дарослых. І каб арганізаваць бяспечныя канікулы, на жаль, не дастаткова квэстаў і гульнявых урокаў, якія праходзяць у школах, лагерах і дзіцячых садках. Уласны прыклад бацькоў і штодзённыя хатнія ўрокі бяспекі самыя дзейсныя.