Бяспечную дзіцячую пляцоўку адкрылі ў сталіцы

19 ноября 2019
Даведацца  асновы бяспекі праз гульню. Тэматычную дзіцячую пляцоўку адкрылі сёння ў Мінску. Арэлі, машынкі, горкі і пясочніцы - усе элементы гульнявога комплексу нагадваюць пра службу выратавання. Дарэчы, сёння ў бяспечным гарадку працавалі навучальныя інтэрактыўныя зоны. Дзеці маглі пасядзець за рулём пажарнай машыны і квадрацыкла, прайсці тэст на веданне правілаў бяспекі, а таксама прымерыць форму ратавальнікаў.

Марына Зямчонак, афіцыйны прадстаўнік Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС Беларусі: "Мы робім акцэнт не толькі на яркасці і маляўнічасці пляцоўкі, але яна павінна быць, безумоўна, і бяспечнай. Гэта і пакрыццё на зямлі, бяспечнае і мяккае. Калі дзеці ўпадуць, каб нічога не здарылася. Акрамя ўсяго іншага, тут ёсць і тэлефоны службы выратавання, і напаміны дарослым, як паводзіць сябе ў той або іншай сітуацыі".

Новая гульнявая зона размясцілася ў двары шматкватэрных дамоў у Партызанскім раёне. Усяго ў  сталіцы пяць такіх комплексаў.