Бяспека граніц Беларусі - пад іх надзейнай абаронай

28 мая 2015

Сёння віншаванні прымаюць пагранічнікі. Камандаванне, асабісты састаў і ветэранаў службы з прафесійным святам павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Штодня байцы ў зялёных фуражках нясуць сваю вахту па ахове дзяржаўнай граніцы. Яны першымі сустракаюць гасцей, у тым ліку і няпрошаных. У "дазор" адправілася і наш карэспандэнт Вікторыя Патоня.

Па камандзе "У ружжо!" гэта застава паднімаецца часта. Спрацоўвае сігналізацыйная сістэма і трывожная група выязджае на месца. З байцамі ў зялёных фуражках - чатырохногі памочнік: навучаны сабака вылічыць кантрабанду і выведзе на след "нелегала". Застава "Казімірава" размешчаная зблізку Белавежскай пушчы, побач - пункт пропуску "Пяшчатка", у абыход якога і спрабуюць пазапраўна перасячы граніцу пад выглядам турыстаў парушальнікі. Часам трывога "ілжывая", блізкасць запаведнага лесу ўсё тлумачыць.

Іван Дунаеў, часовы выканаўца абавязкаў начальніка заставы "Казімірава": "Частка ўчастка ўваходзіць у нацыянальны парк "Белавежская пушча" і заўсёднікі-парушальнікі - у нас кабаны і ласі. Бо іх папуляцыя вельмі вялікая, часта перабягаюць мяжу менавіта яны".

На "зялёнай граніцы" не бывае будняў і святаў. Тут заўсёды - на баявым пасту. На абароне граніц толькі цягавітыя і звышназіральныя.

Сёння на службе ў пагранічнікаў не толькі сучасныя сістэмы абвяшчэння, але і такія прыборы. Гэта ўстаноўка называецца труба зенітная камандзірская, здольная павялічваць аб'екты ў 20 разоў. Ад такога вока ўжо сапраўды ніводны парушальнік не схаваецца.

У суткі па дазорнай сцежцы дзяжурны нарад праходзіць толькі ў адзін бок амаль 20 кіламетраў. Асаблівая ўвага - да адзнак на кантрольна-следавой паласе.

Іван Дунаеў, часовы выканаўца абавязкаў начальніка заставы "Казімірава": "Ёсць розныя хітрыкі: след у след, скачкі, перакатам, спіной наперад. І каб салдат не страчваў спрыт, штораз, калі ён выходзіць на граніцу, трэніруецца, каб не разгубіцца, а быць упэўненым, вызначыць, куды пайшоў парушальнік".

Ілля Марчанка, вайсковец на заставе "Казімірава": "Заўсёды жадаў трапіць у элітныя войскі, менавіта ў пагранічнікі, таму што пагранічнікі непасрэдна абараняюць краіну са зброяй кожны дзень. Адказнасць вялікая, асабліва калі старэйшым ідзёш, адказваеш за цэлы фланг".

Пагранічнікі прызнаюцца, ахоўваць межы дапамагаюць ім мясцовыя жыхары, якія беспамылкова вызначаюць сваіх і чужых. Аб падазроных незнаёмцах яны і паведамляюць на заставу.

Аксана Федарук, загадчыца дома культуры ў вёсцы Далбізна: "Я як мясцовы жыхар таксама зацікаўленая ў бяспецы нашай граніцы. У пагранічнай зоне ў нас развешаны лістоўкі, дзе напісаныя нумары тэлефонаў пагранічнай заставы".

Граніца з Еўрасаюзам - пад надзейным замком. Часцей за ўсё на трываласць яе правяраюць нелегальныя мігранты з каўказскага рэгіёна, краін Азіі і Афрыкі, якія ў пошуках лепшага жыцця, без дакументаў і віз, імкнуцца на Захад. З пачатку года толькі на ўчастку Брэсцкай пагранічнай групы затрымалі каля паўсотні парушальнікаў дзяржаўных граніц. А яшчэ вартавыя меж не спяць, бо актыўнасць кантрабандыстаў і нелегалаў узрастае бліжэй да ночы.