Безгаспадарлівасць у Вілейскім раёне. Што стала прычынай падобнай сітуацыі

7 октября 2018

Яшчэ адна лічба. Маштабная, але, на жаль, не радасная. У самым вялікім, Вілейскім, раёне - больш як 300 гектараў урадлівых земляў пустуюць і не апрацоўваюцца. І гэта вотчына адной-адзінай гаспадаркі "Новая Вілія". Замест дойнага статка - толькі рэха і на малочна-таварным комплексе гаспадаркі. Хоць там створаныя камфортныя ўмовы для ўтрымання некалькіх сотняў бурых. Што стала прычынай падобнай сітуацыі, і якое выйсце бачаць цяперашнія мясцовыя кіраванцы?

Аляксандр Харавец паспрабаваў знайсці адказ.

А гэта нават не дзясяткі - сотні гектараў раллі, якія ніхто не апрацоўвае. Хоць яшчэ зусім нядаўна на гэтых палях атрымлівалі каласальныя ўраджаі, распавядае экс-аграном экс-саўгаса "Карповічы" Анатоль Бычак. Чвэрць стагоддзя мужчына аддаў працы на зямлі, сёння на пенсіі. Але з такімі "інавацыйнымі" падходамі вядзення аграбізнесу цяперашніх кіраванцаў сутыкнуўся ўпершыню.

У пачатку нулявых саўгас "Карповічы" пераназвалі ў ААТ "Новая Вілія". У самай вялікай гаспадарцы Вілейскага раёна закіпела жыццё. Пабудавалі сучасную малочна-таварную ферму, завезлі жывёл. З усяго раёна сюды прыязджалі спецыялісты з суседніх гаспадарак пераймаць вопыт, распавядаюць мясцовыя жыхары. Але 4 гады таму гэтыя фермы рэзка спусцелі, дойны статак перавезлі на іншае месца. І сёння тут толькі невялікая частка маладняку.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама падкрэслівае: пустуючыя палі - гэта пашы для выпасу жывёл. Але з-за таго, што жывёл перавезлі на іншыя фермы, астатняя частка бурых папросту не паспявае з'ядаць сакавітую траву. Зрэшты, малады кіраванец абяцае: сітуацыя неўзабаве павінна выправіцца.

Славілася "Новая Вілія" і сваімі вялізнымі садамі, у якіх нават у самы неўрадлівы год заўсёды ўдосталь было яблыкаў і груш. Алег Рудзь добра памятае, як усяго-та 10-15 гадоў таму з гэтых дрэў дапамагаў знімаць плады велічынёй з кулак.

На неабходнасць прывесці прадпрыемства ў належны парадак не раз паказвалі і кантралёры. Вось толькі ля руля гаспадаркі сёння няма моцнага кіраванца, адзначаюць у дзяржкантролі.

Але па прыклад руплівай апрацоўкі зямлі далёка ездзіць не трэба. Клецкі раён. Вёска Шчэпічы. Тут у літаральным сэнсе змагаюцца за кожны лапік урадлівага поля.

Яшчэ летась вось на гэтым участку, плошча якога перавышае паўтара гектара, стаяў будынак былой базавай школы. Пуставаў ён больш як 20 гадоў. У выніку незапатрабаваныя памяшканні знеслі, а адходы пусцілі ў справу. Будаўнічае смецце выкарысталі падчас узвядзення сіласных траншэй і ферм.

Землі, якія вызваліліся, разаралі і засеялі шматгадовай травой. Дарэчы, толькі ў гэтым аграсезоне адгэтуль ужо знялі 4 укосы сакавітых кармоў для жывёл.

Арцём Шастапераў успамінае, як на ўскраіне вёскі стаялі некалькі трухлявых безгаспадарных хат. Прыводзіць у парадак іх было няма каму. А зямля ў літаральным сэнсе прасіла догляду.

Вядома, рэкультывацыя зямлі - задавальненне не з танных, падкрэслівае спецыяліст. Але з руплівым падходам да справы і гаспадарскай хваткай кожны сантыметр глебы абавязкова адплоціць каласальным ураджаем. Вось толькі дывідэнды атрымліваюць тыя, хто працуе і не перакладае адказнасць на іншых.