Неацэнны вопыт МУС пераймаюць калегі з ААЭ

24 ноября 2014

Неацэнны вопыт МУС гэтымі днямі пераймаюць калегі з ААЭ. На базе навучальнага цэнтра міліцыі 13 экспертаў пройдуць курс павышэння кваліфікацыі, разлічаны на пяць дзён. Спецыялісты з розных сілавых ведамстваў азнаёмяцца з беларускім заканадаўствам і разгледзяць канкрэтныя злачынствы.


Расказвае Юрый Шаўчук.


Гэта відэа затрымання трафікёраў з Магілёва. Свой бізнэс прадпрымальныя мужчыны заснавалі на даверлівых дзяўчатах і жаданні нажывы. Дамам прапаноўвалі адправіцца на заробкі ў Расію. Чым менавіта працаўніцы там будуць займацца, яны здагадваліся, але, нягледзячы на гэта, былі не супраць падзарабіць. Аднак камандзіроўка не адбылася. І сутэнёр, і завербаваныя дзяўчаты былі затрыманыя прама на чыгуначнай станцыі.


Сяргей Колтун, намеснік начальніка ўпраўлення МУС Беларусі: Прынятыя меры МУС дазволілі паменшыць маштабы міждзяржаўнага гандлю людзьмі ў нашай краіне. Толькі за апошнія 10 гадоў ліквідаваныя 22 арганізацыі.


Такая выніковасць беларускіх праваахоўнікаў зацікавіла паліцэйскіх з ААЭ. Напярэдадні дэлегацыя з 13 чалавек прыехала ў Мінск, каб пераняць вопыт калегаў. Эксперты, якія прадстаўляюць некалькі сілавых ведамстваў, на працягу пяці дзён будуць працаваць у шчыльным графіку. Беларускія калегі, гавораць яны, дапамогуць праблему міжнароднага маштабу вывучыць усебакова.


Мансур Мубарак Альшамсі, начальнік упраўлення па процідзеянні гандлю людзьмі Дубая: Зараз праблема гандлю ў нас не такая актуальная, як два гады таму. Справа ў тым, што мы ўзмацнілі жорсткасць пакарання. Зараз за гэтае злачынства ў ААЭ пагражае ад 10 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.


Тэорыя без практыкі - нішто, прызнаюцца прафесіяналы. Таму госці плануюць вывучыць паспяховы вопыт беларускіх аператыўнікаў на канкрэтных прыкладах раскрытых злачынстваў.


Валід Махамед А. М. Альбані Альахмад, старшы пракурор першага класа генеральнай пракуратуры ААЭ: Мы выбралі Беларусь для павышэння кваліфікацыі невыпадкова. Тут вельмі добрая заканадаўчая база і вопыт барацьбы з гандлем людзьмі.


Гэтая сустрэча калегаў па цэху ўжо сёмая. Усяго ж у Мінску свой узровень прафесіяналізму павысілі ўжо амаль 70 паліцэйскіх з ААЭ.


У будучыні падобныя курсы стануць традыцыяй. Ужо запланаваныя некалькі візітаў беларускіх праваахоўнікаў у ААЭ.


Вынікі курсаў будуць падведзеныя ў пятніцу. Усе слухачы атрымаюць сертыфікаты і сведчанні аб павышэнні кваліфікацыі, пасля чаго праваахоўнікі з ААЭ адправяцца на радзіму выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы.