Адправіць ліст Дзеду Марозу можа кожны беларус

24 ноября 2016

І хоць доступ у Сетку сёння практычна паўсюль, яшчэ ёсць важная падстава напісаць не электронны, а папяровы ліст. Напрыклад, Дзеду Марозу. Яго навагодняя пошта ўжо прымае лісты.  Адрас рэзідэнцыі галоўнага чараўніка зімы - адзін з самых папулярных на канвертах гэтымі днямі. Прычым, адправіць такі ліст можна бясплатна. Працуюць і спецыяльныя паштовыя  скрыні. Тэму працягне Наталля Тарасюк.

Паштоўку Дзеду Марозу пакуль падпісвае маці двухгадовага Іллі. Але малы настойвае: апусціць пасланне ў спецыяльную паштовую  скрыню сам.

Алена Арлова, начальнік сектара ўпраўлення маркетынга РУП "Белпошта": "У кожным аддзяленні можна адправіць лісты, паштоўкі, павіншаваць Дзеда Мароза з надыходзячым днём нараджэння. 16 снежня ў яго дзень нараджэння, у беларускага Дзеда Мароза. А Белпошта з любоўю і клопатам даставіць такія навагоднія віншаванні Дзеду Марозу".

Бясплатна адправіць ліст у Белавежскую пушчу можа кожны беларус. Галоўнае - дакладна напісаць адрас. Для гэтага можна скарыстацца падказкай - інфармацыю размясцілі прама над паштовым куфарам.

Гэтую чароўную паштовую скрыню адчыняюць парадку пяці разоў за суткі. Бо толькі з паштамта на сартаванне адпраўляецца больш як сотня навагодніх лістоў штодня. Дзядуля Мароз будзе чакаць такія пасланні аж да Новага года.

Чытае пасланні чараўнік у спецыяльным доміку - "Скарбніцы". У вялізных куфарах захоўваюцца канверты, у якіх самыя патаемныя жаданні. "Гарачыя" дні, гаворыць зімовы чараўнік, яшчэ наперадзе. Перад Новым годам Дзеду Марозу за дзень трэба прачытаць каля 2 тысяч лістоў. Час трэба надаць кожнаму лісту, прачытаць, што там піша дарослы, дзіця.

А яшчэ больш дзейсна - самастойна арганізаваць маленькі цуд. Варта толькі стаць удзельнікам гульні "Сакрэтны Санта". Далучыцца можна ў Інтэрнэце. Аб'явы размяшчаюць у блогах, у групах у сацыяльных сетках або ж на асобных сайтах (як руска-, так і англамоўных).  Так што, сюрпрыз можа прыйсці нават з іншага кантынента. Галоўнае ўлічыць, што ўсім хочацца трохі казкі, таму трэба і самому стаць таямнічым Сантам для віртуальнага незнаёмца.