Бескантактавы тралейбус МАЗ выйшаў на тэст-драйв

3 февраля 2020
Да электратранспарту зараз павышаная ўвага: следам за электробусамі ад Белкамунмаша экалагічна чыстыя машыны пачаў выпускаць і Мінскі аўтазавод.

Заказ горада на гэты год - 70 тралейбусаў з павялічаным аўтаномным ходам. Такі транспарт можа ездзіць без прывязкі да кантактнай сеткі больш чым 20 кіламетраў.

Сёння навінка МАЗа выйшла на тэст-драйв па маршруце з пасажырамі. Дарэчы, для іх тут нямала бонусаў, сярод якіх, напрыклад, клімат-кантроль, тэлегід, а таксама ноу-хау для грамадскага транспарту сталіцы: гэта так званая цёплая кнопка (магчымасць пасажыру самому выйсці ці  зайсці ў салон тралейбуса праз пэўныя дзверы. Гэта можна зрабіць толькі на прыпынку).

Аляксей Кандраценка вельмі ўважліва вывучыў усе дэталі новай машыны.

У патоку гарадскога транспарту не адразу зразумееш трук аднаго з тралейбусаў. Паўхвіліны - і машына выслабаняецца ад прывязкі да кантактнай сеткі. Вадзіцель пры гэтым не пакідае кабіны. Са звычайнай (на першы погляд) машына ператварылася ў тралейбус з павялічаным аўтаномным ходам. Зарад у блоках ліціевых батарэй назапасіўся, пакуль токапрыёмнікі былі задзейнічаны. 

Візуальна навінка Мінскага аўтазавода падобная на сваіх сабратоў іншага вытворцы -  холдынга "Белкамунмаш". Для пасажыраў адрозненні ў салоне - гэта, напрыклад, клімат-кантроль, датчыкі асветленасці салона. 

Адно з ноу-хау тралейбуса - кнопка адраснага адкрыцця дзвярэй. Зімой  яе называюць яшчэ "цёплай кнопкай". Пасажыры могуць самастойна вырашаць, праз якія дзверы ўваходзіць або выходзіць на прыпынку. Іншыя дзверы пры гэтым застаюцца зачыненымі.

Выгоды ад бескантактавага тралейбуса для мегаполіса 


Вядома, такі бескантактавы тралейбус больш манеўраны. Гэта актуальна на самых загружаных сталічных маршрутах. Зрэшты, такі экалагічна чысты транспарт будзе запатрабаваны і ў новых мікрараёнах, дзе не прыйдзецца будаваць кантактную сетку. 

Такія машыны сёння збіраюць на Мінскім аўтамабільным заводзе. Заказ для чатырох сталічных тралейбусных паркаў на гэты год - 70 адзінак тэхнікі. Для МАЗа  электратранспарт  - няхай і невялікая, але перспектыўная ніша з улікам агульнасусветных трэндаў. 

Бескантактавыя тралейбусы ў Беларусі


Зрэшты, сталіца не першы горад, дзе сталі выкарыстоўваць тралейбусы з павялічаным аўтаномным ходам. Частку такіх машын для Гродна паставіў Белкамунмаш. У мясцовым тралейбусным упраўленні распрацавалі спецыяльныя ўлоўнікі на правадах. У выніку падключэнне да лініі зараз займае менш чым хвіліну. Эканамічнасць жа новых машын у параўнанні са звычайнымі на 30 %  большая. У планах пашырыць парк бескантактавых тралейбусаў. Ужо распрацаваны маршруты ў новыя мікрараёны Гродна.
 

Экспартныя перспектывы беларускага электратранспарту 


У планах МАЗа - супрацоўніцтва і з іншымі гарадамі Беларусі. Белкамунмаш у сваю чаргу пашырае экспартныя гарызонты. У электробусах прадпрыемства зацікаўлены гарады Грузіі і Расіі. А ў Каталоніі і Англіі іх будуць выпускаць на сумесных прадпрыемствах.