"Белы бусел" зрабіў шчаслівейшай дзяўчынку з Маладзечна

22 мая 2018

Рэдкім марам трэба ажыццяўляцца. Дабрачынны фонд "Белы бусел" зрабіў шчаслівейшай дзяўчынку з Маладзечна. Віялета Банковіч хварэе, урачы паставілі ёй дыягназ "спінальна-цяглічная атрафія". Але гэта не перашкаджае ёй лётаць. Падрабязней Анастасія Бенедзісюк.

Віялеце Банковіч усяго 14, а ў сакваяжы яе творчых дасягненняў - ужо некалькі персанальных выстаў. Яна выводзіла рысы мамінага твару ў чорна-белых партрэтах, рабіла пейзажныя замалёўкі на матывы роднага Маладзечна і дадавала колеры ў і без таго яркія вобразы любімых жывёлін. Але сёння задача больш складаная - на белым палатне Віялета піша пра самае запаветнае.

Віялета нарадзілася звычайным здаровым дзіцем, у два яе хада змянілася, дзяўчынцы было складана скакаць і бегаць з аднагодкамі. Абследаванні паказалі - у Віялеты спінальна-цяглічная атрафія. Гэтая хвароба не дае магчымасці вольна рухацца і пазбаўляе кантролю над цягліцамі шыі. Яшчэ некалькі гадоў таму яна мела патрэбу ў электракалясцы (дапамаглі ўсім светам). Сёння яна адважна марыць здабыць крылы.

Віялета Банковіч: "Хачу пакатацца на верталёце, хачу калі-небудзь паехаць у арт-студыю ў Мінску. Вось мае самыя запаветныя мары".

Гэтая сустрэча з жалезнай птушкай для Віялеты стала доўгачаканым падарункам.

Праекту "Рэдкія мары" два гады, і паўгода, як гэтая добраахвотніцкая ініцыятыва працуе пад патранажам дабрачыннага фонду "Белы бусел". Герояў, такіх як сёння Віялета, шукаюць у Інтэрнэце.

Ганна Пяткевіч, куратар праекта "Рэдкія мары" дабрачыннага фонду: "На сённяшні дзень ажыццявіць атрымалася не вельмі шмат жаданняў асаблівых дзетак. Паўстала праблема, да якой мы на стартапе нашага праекта былі не гатовыя. Многія пішуць і просяць ажыццявіць нейкую матэрыяльную мару - нешта падарыць. Праект задумваўся інакш. Мы здзяйсняем, скажам так, паветраную мару, пра якую дзіця можа толькі марыць".

Што ў неба ўсё ж атрымаецца падняцца, Віялеце не гаварылі да апошняга. Паводле задумкі, дзяўчынку запрасілі ў аэраклуб "Ліпкі" для фотасесіі.

Неба, самалёт, дзяўчына. Той выпадак, калі ўсё склалася. І сёння гэтая дзяўчынка з Маладзечна, дакладна акрыленая, можа марыць ужо пра штосьці іншае.

Віялета Банковіч: "Выдатна! Мы пад такім уражаннем з мамай! На ўвесь год! Мы бачылі буслоў, мы бачылі парашутыстаў, мы бачылі Нацыянальную бібліятэку, заапарк, увесь Мінск! Было вельмі файна!"