Белтэлерадыёкампанія збірае сяброў

7 февраля 2015

Ужо традыцыйны фестываль "Па-за эфірам" гэтым разам нязвыкла праходзіць зімой. У праграму мерапрыемства ўключаныя і забавы па сезоне. За запаветны кубак і каштоўныя прызы прыехалі пазмагацца дзевяць каманд. Удзельнічаюць прадстаўнікі кожнага з падраздзяленняў галоўнага медыяхолдынга краіны. На спаборніцтвы сабраліся тэлевізійшчыкі і радыйшчыкі з усіх абласцей. "Па-за эфірам" - гэта, бадай, адзінае свята, калі яны не працуюць, а адпачываюць, але, зразумела, не без крэатыву і арыгінальнасці. Усе падрабязнасці вялікага фестывалю ў рэпартажы Карыны Пашковай.

Распачаў святочны фестываль канцэрт бардаўскай песні. Мерапрыемства незвычайнае для зімы, але, нягледзячы на мароз і снег за акном, у зале запанавала цёплая, сяброўская і нават рамантычная атмасфера.

Удзельнік ад кожнай з дзевяці каманд прапанаваў на суд кампетэнтнага журы сваю песню, чарговы раз даказаўшы, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Астатнія канкурсанты ў гэты час хварэлі за свайго таварыша з залы. Канцэрт доўжыўся каля двух гадзін.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:

"Бардаўскі фэст - гэта ў першую чаргу даверная атмасфера, прастата і душэўнасць. У маім уяўленні так. А зімой, калі падаюць сняжынкі або мяце завея, абвастраецца пачуццё адказнасці, адзінота, любоў да блізкага, хочацца ўсім цяпла. А свечка, голас барда, даверная атмасфера, гэта і ёсць тое, што складае маленькую мару кожнага чалавека".

Акрамя сваёй творчай якасці, якая, бясспрэчна, ва ўсіх тэлевізійшчыкаў і радыйшчыкаў заўсёды на вышыні, камандам неабходна было прадэманстраваць і спартыўныя навыкі.

Усяго на зімовы фестываль "Па-за эфірам" сабраліся дзевяць каманд. Прысутнічаюць прадстаўнікі кожнага з падраздзяленняў галоўнага медыяхолдынга, таксама прыехалі ўдзельнікі з усіх абласных студый.

Барацьба за запаветны кубак разгарнулася неабыякая. Прэтэндэнтаў на перамогу журы будзе ацэньваць не толькі па такіх крытэрыях, як пачуццё гумару, арыгінальнасць і фізічная падрыхтоўка, таксама ўдзельнікам трэба здзівіць суддзяў і сваімі кулінарнымі вынаходствамі.

Для ўдзелу ў гэтым конкурсе камандам прыйшлося ў нейкім сэнсе падзяліцца. Арганізатары паставілі перад удзельнікамі задачу на працягу гадзіны прыгатаваць шашлык і зляпіць снегавіка. Прычым апошні павінен быць арыгінальным, ну, а страва, безумоўна, смачнай. І тут усе каманды паказалі сябе з добрага боку - і гатаваць умеюць, а ў крэатыве - ці варта сумнявацца.