Белтэлерадыёкампанія прапануе цыкл дакументальных фільмаў аб катастрофе на ЧАЭС

25 апреля 2016

Напярэдадні 30-й гадавіны аварыі на ЧАЭС Белтэлерадыёкампанія прапануе цыкл дакументальных фільмаў аб катастрофе "Зямля страчаная. Зямля здабытая". Гэта маштабны тэлепраект, у якім трагедыя паказана праз лёсы людзей. Наша здымачная група пабывала ў зоне адчужэння і пагутарыла з былымі і цяперашнімі жыхарамі забруджаных тэрыторый.

Расказвае Іна Пілевіч.

Аляксандр Сірата як па пашпарце, так і па сутнасці. У яго забрала родны дом чарнобыльская аварыя. 10-гадовым хлапчуком быў эвакуіраваны з забруджанага горада Прыпяці. Зараз яго дзіцячы пакой - адзін з тысяч пакінутых у зоне адчужэння. Ва ўжо горад-прывід Аляксандр вярнуўся са здымачнай групай Белтэлерадыёкампаніі, каб распавесці, як 30 гадоў таму Чарнобыль з імя ўласнага назаўжды стаў сімвалам катастрофы.

Дзеля гэтых кадраў здымачная група Белтэлерадыёкампаніі праехала тысячы кіламетраў адчужаных зямель. Наведала пакінутыя вёскі як на беларускай, так і ўкраінскай тэрыторыі. Гадзіны запісаных відэаматэрыялаў леглі ў аснову фільма "Зямля страчаная. Зямля здабытая". У дакументальнай стужцы выкарыстана ўнікальная кінахроніка з архіва галоўнага медыяхолдынга краіны.

Ксенія Луцкіна, аўтар дакументальнага фільма "Зямля страчаная. Зямля здабытая": "Мы працавалі на станцыі. У нас запісана абсалютна ўнікальнае для нас інтэрв'ю з намеснікам дырэктара станцыі Новікавым. Ён, між іншым, з'яўляецца прататыпам аднаго з герояў той самай гульні, у якую гуляюць мільёны. І я думаю, што яго цікава паслухаць усім сталкерам, якія рамантызуюць зону".

Хоць трагедыя адбылася за секунды, спрэчкі аб прычынах аварыі доўжацца 30 гадоў. Аўтары дакументальнага фільма паставілі перад сабою інфармацыйную задачу. Бо няведанне параджае міфы і спекуляцыі на тэму наступстваў аварыі на ЧАЭС.

"Зямля страчаная. Зямля здабытая" - гэта цыкл з чатырох дакументальных фільмаў. Серыі пабудаваны ў храналагічным парадку. Апавяданне вядзецца ад моманту аварыі да адраджэння пацярпелых зямель. 26 хвілін аб катастрофе 26 красавіка з панядзелка па чацвер адразу пасля "Панарамы" на "Беларусь 1".