Белтэлерадыёкампанія падпісала дамову з найбуйнейшым еўрапейскім вытворцам ПТС і студыякомплексаў

15 мая 2018

Белтэлерадыёкампанія не спыняецца на HD-вяшчанні і ідзе далей па яшчэ больш якасны малюначак.

Сёння кіраўніцтва кампаніі падпісала дамову з найбуйнейшым еўрапейскім вытворцам перасоўных тэлевізійных станцый і студыякомплексаў. Партнёры з Германіі абавязваюцца на працягу года стварыць для нашага медыяхолдынга 4 ПТС з фарматам вяшчання HD. Гэта комплекс з тэлестанцыі на колах, дапаможнага аўтамабіля, а таксама мабільны камплект на 4 камеры. А гэта значыць, што найбуйнейшую спартыўную падзею 2019 года - II Еўрапейскія гульні - Белтэлерадыёкампанія будзе трансляваць у першакласнай якасці, не прапусціўшы ніводнай эмоцыі балельшчыкаў.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:

"Гэта, вядома, вялікая падзея для нас, таму што гэта істотна пашырае магчымасці Белтэлерадыёкампаніі, гэта істотна пашырае магчымасці ўсяго беларускага тэлевізійнага рынку, таму што гэтыя станцыі з'явяцца ў нас, значыць аўтаматычна яны з'явяцца ва ўсёй краіне, і любая тэлекампанія зможа ў нас арандаваць гэтае абсталяванне. Мы з нядаўняга часу вяшчаем у фармаце HD, і без такога абсталявання немагчыма было б далей развівацца".

Уладзіслаў Грабоўскі, выканаўчы дырэктар кампаніі Broadcast Solution (Германія):

"Паводле аўкцыёну, які быў праведзены, мы выйгралі гэты тэндар і вельмі шчаслівыя, што зараз падпісалі гэты кантракт. Гэта будзе сучасная тэхніка. Гэтымі ПТСМ вы зможаце здымаць усе спартыўныя спаборніцтвы, якія будуць праходзіць у радзе Еўрапейскіх гульняў, а таксама іншыя грамадска-палітычныя і культурныя падзеі".

У арсенале Белтэлерадыёкампаніі ўжо ёсць перасоўная тэлестанцыя "Александрына", якую беларусы маглі назіраць на найважнейшых міжнародных і дзяржаўных мерапрыемствах. Набытая ў 2010-м годзе ПТС - на 16 відэакамер - на той момант не мела аналагаў ва Усходняй Еўропе.