Белтэлерадыёкампанія афіцыйна адкрывае новы тэлесезон

30 сентября 2018

Белтэлерадыёкампанія афіцыйна адкрывае новы тэлесезон, у якім пакажа гледачу сучасныя магчымасці медыяіндустрыі. У стагоддзе, калі тэлебачанне - паняцце гібрыднае - не толькі глядзець, але і ствараць крэатыўны кантэнт можна пры дапамозе смартфонаў і мноства розных гаджэтаў, найбуйнейшы медыяхолдынг краіны не адкідвае гэтыя тэндэнцыі, а ўкараняе іх у традыцыйную школу вяшчання. Вольга Мядзведзь аб тэледэбютах і апгрэйдах сезона.

Пачатак новай тэлевізійнай эры. У 2018 годзе мы пабілі сусветны рэкорд і перавялі адначасова адразу шэсць кнопак галоўнага медыяхолдынга краіны на вяшчанне першакласнай якасці. Выпадак беспрэцэдэнтны! Фармат HD (high definition) - у перакладзе з англійскай "высокая дакладнасць" - складаецца з двух мільёнаў пікселяў, а гэта ў 5 разоў больш дэталяў, чым пры стандартнай карцінцы. Асабліва яркасць карцінкі адчувалася пры праглядзе спартыўных трансляцый. Але ў тэлесезоне 2018/19 такім будзе ўвесь эфір. Белтэлерадыёкампанія перасягнула ўласныя магчымасці - такога тэлебачання не бачылі нават мы самі!

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі:

"Вядома, ёсць глабальныя праекты, якія на слыху. У першую чаргу, засталося зусім мала часу да дзіцячага "Еўрабачання". Гэта конкурс, над якім працуе вялікая частка Белтэлерадыёкампаніі, мы знаходзімся ў завяршальнай стадыі. Гэта складаны конкурс у наступным годзе, а ўжо зараз мы рыхтуемся, - еўрапейскія Алімпійскія гульні. І ўжо зараз мы праводзім абследаванне на спартыўных пляцоўках, ужо зараз у нас ёсць план тых сюжэтаў, тых матэрыялаў, тых праграм, якія мы падрыхтуем да наступнага года, мы ўжо працуем над іх увасабленнем".

Агенцтва тэленавін з'яўляецца асноўным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі па вытворчасці інфармацыйных, інфармацыйна-аналітычных і дакументальна-публіцыстычных тэлеперадач. У гэтым тэлесезоне супрацоўнікі АТН разам з усёй краінай адзначаць шэраг значных гістарычных юбілеяў: 100-годдзе БССР і УЛКСМ, 75-годдзе аперацыі "Баграціён" і вызваленне Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таксама распавядзем аб "Жанчынах і спорце".

Сяргей Гусачэнка, намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі:

"Натуральна, мы працягнем выдаваць у эфір тыя цыклавыя праекты, якія ўжо ведаюць гледачы. Гэта і праекты АТН, а іх каля 40, выходзяць на розныя тэмы. І, натуральна, тыя праекты, якія робяць іншыя тэлеканалы нашай кампаніі, нашага холдынга. Гэта будуць і новыя расследаванні праекта "На кантролі Прэзідэнта", новыя эксклюзіўныя інтэрв'ю ў нашага праекта "Размова ў Прэзідэнта". Гэтыя два праекты мы, дарэчы, не так даўно запусцілі. Гэта, дарэчы, аб тым, што тэлевізійны сезон некалькі размыты ўсё ж. Так, гэта не толькі восень".

Хоць афіцыйна новы тэлегод стартуе толькі заўтра, Агенцтва тэленавін ужо праверыла гледачом прэм'ерныя праекты. Напярэдадні, шоу, аналагаў якому яшчэ не было на беларускім тэлебачанні, уварвалася ў вячэрні прайм-тайм выхаднога дня. "Макаенка, 9" зараз не толькі адрас Белтэлерадыёкампаніі, але і сінтэз інфармацыйнай праграмы з класічным late night show, вельмі папулярным у сусветнай тэлеіндустрыі. У 52-хвілінным выпуску - навіны, жарты, рубрыкі і, вядома, зорныя госці.

Яўген Перлін, вядучы шоу "Макаенка, 9":

"Мы заявілі пра сябе дастаткова, каб людзі разумелі, што ў суботу вечарам можна ўключаць першую кнопку, мы абмяркуем сапраўды самыя галоўныя падзеі тыдня, але з іншага боку, не як у навінах".

Беларусь памятае кровапралітныя гады, жах якіх, здаецца, закладзены з генетычным кодам. Нават праз 75 гадоў. Ушануем памяць тых, хто падарыў нам мірнае неба, у міжпраграмных роліках, спецпраектах, дакументальных і мастацкіх фільмах. У кастрычніку ў эфіры першыя выпускі 15-серыйнага цыклу "Беларусь памятае". Адзін міні-фільм - гісторыя аднаго героя.

Руслан Туркоў, загадчык аддзела крэатыўнага планавання Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі: "Сутнасць праекта, пэўна, у тым, каб распавесці яшчэ пра людзей, пра ветэранаў, якія ўжо пайшлі, але засталіся іх унукі, праўнукі, якія захоўваюць сямейныя традыцыі, захоўваюць гісторыю пра подзвіг свайго дзеда, прадзеда, перадаюць яе з пакалення ў пакаленне. Больш за тое, на галоўныя ролі мы запрасілі гэтых сваякоў".

А гэтай кантынентальнай падзеі ўжо з нецярпеннем чакаюць меламаны, бо Дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" ў Мінску сабраў рэкордную дваццатку краін-удзельніц за ўсю гісторыю. Але як ідзе падрыхтоўка? Хто тыя людзі, якія зробяць смачную карцінку на ўсю Еўропу? Якое яно, закуліссе сапернікаў? Усё, што раней заставалася за кадрам, у штодзённых дзённіках дзіцячага "Еўрабачання". Троххвілінныя выпускі ў лайф-фармаце і вынікі тыдня ў пашыраных 16 хвілінах. У дапамогу для большай дынамікі і здымак з месцаў, куды журналістам уваход забаронены, мара ўсіх аператараў - экшн-камера.

Ніна Мажэйка, аўтар дзённікаў Дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Мы будзем вельмі актыўна эксплуатаваць гэтую тэму ад першай асобы, гэта значыць, як і мы будзем вельмі актыўнымі ўдзельнікамі таго, што адбываецца, так і нашы героі. У нас будуць выпускі, дзе ўся серыя будзе заснаваная толькі на ўражаннях галоўнага героя".

Іна Пілевіч, аўтар дзённікаў Дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Таксама мы звязваемся з дэлегацыямі, непасрэдна з краінамі-ўдзельніцамі, і яны таксама нам падрыхтуюць відэа. Хто з прадстаўнікоў збіраецца ў Беларусь, як рыхтуюцца, што з сябе будзе ўяўляць нумар, якая песня і гэтыя кадры замежныя - мы таксама пакажам".

Ніна Мажэйка, аўтар дзённікаў Дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Нам па сакрэце распавялі, што вельмі актыўная падрыхтоўка ва ўдзельніка з Казахстана, таму што сёлета яны ўдзельнічаюць упершыню на конкурсе дзіцячага "Еўрабачання".

Упершыню на тэлеэкранах! Запаведныя тэрыторыі, дзе амаль не бывала нагі сучаснага чалавека. Гектары некранутай флоры і фаўны неўзабаве ў эфіры першай кнопкі. На стадыі постпрадакшну "Цар-пушча" - аповед пра багацце рэспублікі, нацыянальны цуд прыроды - Белавежскую пушчу. Больш як год здымак - на выхадзе 4 пары года поплеч з дзікай прыродай. Галоўныя героі спецпраекта - гэта не толькі зубры, ваўкі, ласі і іншыя жывёлы і птушкі, але і людзі, якія кінулі ўсё, каб суседнічаць з відамі з Чырвонай кнігі.

"Маршрут пабудаваны" ў новым сезоне і ў "Беларусь 1". Крэатыўная каманда дырэкцыі ўжо месяц падарожнічае па малых гарадах нашай вялікай радзімы ў новым трэвел-шоу! "Маршрут пабудаваны" - гэта тэлевізійны даведнік па самых цікавых, але незаслужана малавядомых населеных пунктах Беларусі. Таксама першая кнопка запусціла відэаэнцыклапедыю "Мая Беларусь". З выкарыстаннем новых тэхнічных тэлемагчымасцяў і сучаснага графічнага дызайну "Беларусь 1" пакажа нашу краіну з новых ракурсаў. Зусім хутка праз экраны вернемся ў тэлеклас "Я ведаю!", дзе юныя вундэркінды з усёй Беларусі пацвярджаюць свой узровень ведаў і змагаюцца за званне лепшага.

Алена Ладуцька, дырэктар дырэкцыі тэлеканала "Беларусь 1":

"Таксама мы рыхтуем тэлевіктарыну для нашых дарослых гледачоў пад назвай "Навылёт". Любы тэлеглядач хутка можа прыехаць сюды, на Макаёнка, 9, і прадэманстраваць усёй краіне свой інтэлект і на ім нават зарабіць".

Забаўляльны "Беларусь 2" сёлета пацешыць адразу некалькімі рэаліці-шоу ўласнай вытворчасці. У "Да пабачэння" будзем шукаць каханне, а ў "Трэцім лішнім" вырашым сямейныя праблемы. Экранізацыю атрымала папулярная гульня "Хто я?". Апгрэйд і ва ўпадабаных праектаў "Капейка ў капейку", "Камень, нажніцы, папера" і "Пін_код"

Адзіны сацыякультурны канал нашай краіны працягвае супрацоўнічаць з творчай элітай. На экранах сумесныя праекты з Вялікім тэатрам Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкай, Акадэміяй мастацтваў, кінафестывалем "Лістапад" і іншымі. "Беларусь 3" пакажа гістарычныя "Артэфакты", дакажа, што "Класіка - гэта класна!" і правядзе ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея.

Зноў першы на тэлеп’едэстале. Пяць гадоў таму "Беларусь 5" забіў гол у вяшчальнай прасторы нашай краіны і стаў адзіным спартыўным каналам. І вось да свайго першага юбілею, які, дарэчы, святкаваць будзем ужо 23 кастрычніка, самая фізічна падрыхтаваная рэдакцыя прапаноўвае новую эфірную платформу - "Беларусь 5. Інтэрнэт"! Аналагаў такога канала пакуль у нашай медыяіндустрыі няма. Кантэнт у Інтэрнэце - гэта тыя праграмы, праекты, трансляцыі, якія не змяшчаюцца ў сетцы вяшчання. Ужо больш як месяц навінка працуе ў тэставым рэжыме на сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. Асноўнае адрозненне ад тэлекнопкі - ніякіх каментатараў. А вось у якой сетцы далучацца да сусветнага спорту, вырашаць толькі вам.

Міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24" пашырыць свае межы вяшчання з дапамогай ОТТ-тэхналогій, а новыя праекты больш цікава і дэталёва распавядуць перспектыўным турыстам пра нашу краіну і яе глыбінкі. "Белтэлерадыёкампанія: тэлебачанне заўсёды з табой!". Пад такім слоганам галоўны медыяхолдынг краіны запускае першы тэледадатак.

Запампаваць Белтэлерадыёкампанію з самымі свежымі навінамі сабе на смартфон можна цалкам бясплатна за некалькі клікаў. Дарэчы, дадатак інтэрактыўны. Кожны можа не толькі паставіць напамінак або паглядзець любімыя праекты і трансляцыі ў запісе, але і прымаць удзел у рэгулярных апытаннях і галасаванні. Такім чынам, будзем удасканальваць кантэнт агульнымі высілкамі.

З часам дадатак будзе ўяўляць сабою цэлы комплекс з самастойных рэсурсаў АТН, "Беларусь 5" і "Культурнага календара", якія ўдасканаляць і палегчаць доступ да тэлеканалаў кампаніі. У будучым годзе папоўніцца і тэхнапарк холдынгу. У пачатку 2019 да нас прыедуць 4 высокатэхнічныя перасоўныя тэлевізійныя станцыі фармату HD.

Падрабязней пра гэтыя і астатнія навінкі тэлесезона вы можаце даведацца ўжо заўтра з першых вуснаў ад кіраўнікоў каналаў, аўтараў і вядучых праектаў. У ранішнім прайм-тайме спецыяльны выпуск першай праграмы новага тэлегода "Добрай раніцы, Беларусь!".

У гасцях у Святланы Бароўскай і Дзяніса Дудзінскага тэлевізіёншчыкі раскрыюць усе сюрпрызы, якія падрыхтавалі. А таксама пакажуць анонсы і першыя кадры новых праектаў Белтэлерадыёкампаніі.