Белтэлерадыёкампанія пачынае працаваць у фармаце высокай дакладнасці HD

29 марта 2018

Ужо з заўтрашняга дня адначасова ўсе каналы медыяхолдынга пераключаюцца на HD.

У ноч з чацвярга на пятніцу будзе зроблена перакамутацыя абсталявання, з праграмы "Добрай раніцы, Беларусь!" пачнецца вяшчанне ў HD. Першымі новы фармат убачаць абаненты кабельных аператараў і IPTV Мінска і Мінскай вобласці, а ўжо з лістапада можна будзе прымаць сігнал па ўсёй краіне. Застанецца і вяшчанне ў фармаце стандартнай якасці для тых, у каго стары тэлевізар. Адзначым, HD робіць карцінку для гледачоў больш дакладнай і якаснай. У 5 разоў больш дэталяў, чым пры стандартным адлюстраванні. Спецыялісты Белтэлерадыёкампаніі на працягу года правялі сур'ёзныя тэхнічныя работы. Праклалі больш за 20 кіламетраў правадоў і ўстанавілі новае абсталяванне.

Для прагляду ўсіх каналаў Белтэлерадыёкампаніі ў HD у першую чаргу патрэбен сучасны тэлевізар. Карыстальнікі IPTV і кабельнага тэлебачання могуць удакладніць наяўнасць тэхнічнай магчымасці ў сваіх аператараў.