Белтэлерадыёкампанія пачала працаваць у фармаце высокай дакладнасці HD

1 апреля 2018

Увага да дробязяў спараджае дасканаласць. Гэтая фраза выдатна падыходзіць да фармату HD - фармату высокай дакладнасці. Сёння мы з упэўненасцю можам сказаць, што ў нас, у Белтэлерадыёкампаніі, зараз усё дакладна.

На гэтым тыдні адбылася гістарычная падзея для найбуйнейшага медыяхолдынга краіны. У ноч з чацвярга на пятніцу мы пераключылі на новае вяшчанне адразу шэсць сваіх каналаў. Гэта рэкорд не толькі для Беларусі, але і ў сусветнай медыяіндустрыі. Спецыялісты вырашылі тэхнічна складаныя задачы - зрабілі сэрца БТ больш магутным і кампактным.

Вялізная тэхнічная падрыхтоўка: камеры, святло. Кожны прыбор у апаратнай настроены на якасны сігнал. Плюс да ўсяго - новы гардэроб і спецыяльная HD-касметыка.

Зараз кожная дробязь на паверхні. Розніца са стандартным фарматам асабліва відавочная падчас спартыўных трансляцый і кадраў, звязаных з прыродай. Пра HD-тэлебачанне ў IT-краіне раскажа Вольга Мядзведзь.

30 сакавіка, на гадзінніку 6 раніцы, і першыя кадры Белтэлерадыёкампаніі ў HD-фармаце разляцеліся па дамах мінчан і жыхароў Мінскай вобласці. Пачатак новай тэлевізійнай эры. Права дэбютаваць у вяшчанні з высокай дакладнасцю ў праекта-старажыла - "Добрай раніцы, Беларусь!".

Выпадак беспрэцэдэнты! Адразу шэсць кнопак галоўнага медыяхолдынга адначасова перавялі на новыя стандарты. Для вырашальнага рыўка спецыялістам Белтэлерадыёкампаніі спатрэбілася 6 гадзін начной змены.

Эстафету вяшчання першакласнай дакладнасці прыняло Агенцтва тэленавін. Перад пераходам у высакаякасны фармат былі падрыхтаваныя 6 міжпраграмных промаролікаў, якія адпраўляюць гледача ў мінулае, каб паглядзець, як эвалюцыянавала грамадства, а разам з ім і тэлебачанне.

Промаролікі здымалі ў так званай студыі "100" на Макаёнка, 9. Інтэр'ер для здымак узнавілі пры дапамозе графікі і ўнікальнага загнутага экрана.

Наогул жа шлях да HD-мадэрнізацыі Белтэлерадыёкампанія пачала яшчэ ў 2010-м з перасовачнай тэлестанцыі "Александрына", якую беларусы маглі назіраць на найважнейшых міжнародных і дзяржаўных мерапрыемствах. 16 відэакамер (у тым ліку 4 для высакаякаснай запаволенай здымкі і 2 бесправадныя), 4 телевяшчальныя серверы, сучасная мантажная станцыя і іншая лічбавая апаратура. На момант набыцця ёй не было аналагаў ва Усходняй Еўропе.

"Александрына" транслюе ў HD-фармаце. Аднак, нягледзячы на магчымасці ПТС, увесь гэты час на экранах тэлевізараў была стандартная карцінка, далёка не высокай дакладнасці. Праблема ў састарэлай цэнтральнай апаратнай - сэрцы тэлевяшчання. Яна не падыходзіла для апрацоўкі сігналу. Але гэтая праблема вырашылася з чацвярга на пятніцу, калі ў абноўлены сервер уставілі апошні лічбавы ключ.

Дарэчы, менавіта да самага чаканага спартыўнага мерапрыемства - ІІ Еўрапейскіх гульняў - медыяхолдынг мадэрнізуецца да непазнавальнасці. Да працы ў HD падключацца яшчэ 4 перасовачныя тэлестанцыі, закупленыя Белтэлерадыёкампаніяй. Гэта яшчэ больш магутная і больш прафесійная тэлеапаратура, створаная па апошнім слове тэхналагічных прарываў.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Кошт іх - больш за 20 мільёнаў долараў, але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя. Гэта значна пашырыць нашы магчымасці. Мы зможам здымаць значна больш розных мерапрыемстваў, таму я ўпэўнены, што найбліжэйшы год - гэта будзе зусім іншае тэлебачанне".

Фармат HD - High definition (у перакладзе з англійскай мовы "высокая дакладнасць") складаецца з двух мільёнаў пікселяў. Гэта ў 5 разоў больш дэталяў, чым пры стандартнай карцінцы. Каб у поўнай меры перадаваць якасную карцінку, галоўны медыяхолдынг краіны ўзброіўся беспілотнымі лятальнымі апаратамі - квадракоптарамі для аэравідэаздымкі. Прылада практычна не вібруе падчас палёту, а камера можа рабіць уражальныя фота- і відэакарцінкі з вышыні птушынага палёту. Нашы аператары ўжо трэніруюцца пілатаваць навінкі.

HD у пудрах і танальных крэмах. Пад новы стандарт тэлевяшчання адаптаваная нават праца грымёрных. Пры высокай дакладнасці ў вобразах вядучых будуць прыкметныя любыя недахопы. Каб гэтага пазбегнуць, прадугледжана спецыяльная касметыка.

Не без сучасных тэхналогій і ў грымёрцы. Аэрограф (простай мовай распыляльнік альбо пульверызатар), апарат для нанясення танальнага крэму, які, дарэчы, з пазнакай HD. Сучасная трансляцыя перадае максімальна натуральную карцінку, а такая вынаходка дазволіць не толькі раўнамерна нанесці тон, замаскіраваўшы ўсе недахопы, але і паскорыць працэс падрыхтоўкі да эфіру.

З новым тэлебачаннем і новыя вобразы вядучых. Зараз у кадры пажадана пазбягаць залішне яркіх колераў, перавага аддаецца пастэльнай гаме. Новыя нормы і пры стварэнні макіяжу. Калі раней актыўна падкрэсліваліся вочы, вусны, скулы, то зараз лідарства за грымам, набліжаным да натуральнай прыгажосці.