Белтэлерадыёкампанія і другое інфармагенцтва КНР падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

23 июня 2017

Сёння Дом радыё наведала дэлегацыя журналістаў з Кітая. У Мінск прыбылі прадстаўнікі другога па велічыні інфармагенцтва ў КНР China News Service. Госці пабывалі ў студыях і пазнаёміліся з калектывам міжнароднага радыё "Беларусь". Канал вяшчае на 8 мовах, сярод іх і кітайская. Пасля перамоў адбылася цырымонія падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Белтэлерадыёкампаніяй і CNS. Дакумент дазволіць абменьвацца інфармацыяй, таксама пашырыць аўдыторыю абодвум бакам.

Навум Гальпяровіч, галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання радыё "Беларусь" Белтэлерадыёкампаніі: "Звыш 50 тысяч штодня наведвальнікаў з кітайскага боку нашых праграм. І я думаю, што наша супрацоўніцтва дазволіць яшчэ больш нам быць у інфармацыйнай прасторы Кітая. І наша радыё, нашу краіну будуць больш ведаць у вялікім Кітаі".

Кітайскае інфармагенцтва CNS функцыянуе з 1952 года. Праца структуры арыентавана на суайчыннікаў у Ганконгу, Макаа, Тайвані, а таксама на замежных грамадзян, якія цікавяцца жыццём Кітая.