Белтэлерадыёкампанія і абласны тэлеканал Кастрамской вобласці дамовіліся пра супрацоўніцтва

4 мая 2018

Маштабны штогадовы медыяфорум - яшчэ і месца, дзе нараджаюцца новыя праекты. Так, дэлегацыя з Кастрамской вобласці прыехала для ўдзелу ў выставе "СМІ ў Беларусі" і ўжо знайшла новых партнёраў. Сёння дамовіліся пра больш цеснае супрацоўніцтва Белтэлерадыёкампанія і абласны тэлеканал расійскага рэгіёна, а таксама нашы калегі з выдавецкага дома "Звязда". У першую чаргу гаворка ідзе аб абмене тэлевізійным кантэнтам і публікацыямі. Паводле слоў кіраўніка найбуйнейшага медыяхолдынга Беларусі, міжнароднае супрацоўніцтва - гэта стратэгія кампаніі.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Зараз у стадыі распрацоўкі пагадненне, напрыклад, з італьянскай тэлекампаніяй, учора былі перамовы з Першым польскім тэлеканалам, сёння мы з Кастрамской вобласцю. Гэта значыць, мы імкнемся максімальна пашыраць нашу геаграфію. Будуць праекты, нягледзячы на тое што мы знаёмыя 5 хвілін. Мы ўжо аб нечым дамовіліся - гэта будзе, хутчэй за ўсё, сумесны дакументальны фільм".

Распрацоўваюцца і іншыя сумесныя праекты. Улетку журналісты Кастрамской вобласці бліжэй пазнаёмяцца з Беларуссю, а для нашых калег арганізуюць прэс-тур у расійскі рэгіён. Бакі ўпэўненыя, што партнёрства ў медыяпрасторы будзе спрыяць і павелічэнню турпатоку, і падпісанню новых дзелавых кантрактаў.

Аляксандр Карлюкевіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Гэтыя медыйныя кантакты паспрыяюць больш шырокаму веданню пра Беларусь сённяшнюю, пра сацыяльную скіраванасць, пра народны гаспадарчы комплекс краіны, і безумоўна, гэта паўплывае на тое, што складае эканамічныя адносіны ў цэлым РФ, і Беларусі і Кастрамской вобласці".

Павелічэнне тавараабароту - адна з цэнтральных тэм дыялогу паміж двума рэгіёнамі. Пакуль Беларусь займае дзясятую частку рынку Кастрамской вобласці.