Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства замежных спраў запусцілі сумесны радыёпраект

25 марта 2015

Не толькі прачытаць, але яшчэ і пачуць пра Беларусь можна на сайтах нашых пасольстваў за мяжой. Белтэлерадыёкампанія і Міністэрства замежных спраў запусцілі сумесны праект. Зараз усё вяшчанне міжнароднай радыёстанцыі "Беларусь" аўтаматычна ў анлайн-рэжыме будзе трансліравацца і на партале дыпламатаў "Беларусь. Факты". Госці гэтага рэсурсу змогуць слухаць больш за 150 праектаў на 8-мі мовах. Яны распавядуць пра гісторыю, культуру, эканоміку і палітыку Беларусі.

Аб новых падыходах да фарміравання нашага іміджу за мяжой - рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Яшчэ некалькі дзён таму міжнародная радыёстанцыя “Беларусь” вяшчала только на FM-хвалях і ў Інтэрнэце на ўласнай старонцы. Цяпер навіны ад Дзмітрыя Занеўскага і яго калег можна пачуць таксама на інфармацыйнай пляцоўцы дыпламатаў - партале “Беларусь. Факты”.

Госці гэтага інтэрнэт-рэсурсу пра нашу краіну могуць слухаць нават не 24, а 26 гадзін за суткі - менавіта столькі часу займае вяшчанне радыёстанцыі “Беларусь”. Дзіўная лічба тлумачыцца розніцай у часавых паясах, 150 праграм на 8-мі мовах раскажуць пра гісторыю, культуру, эканоміку і палітыку нашай краіны.

Дзмітрый Занеўскі, намеснік дырэктара дырэкцыі падрыхтоўкі праграм на замежных мовах Беларускага радыё: "Адзін з самых папулярных праектаў - урокі беларускай мовы. Я вяду некалькі праектаў. Навіны - амаль кожны дзень па два выпускі, потым вяду перадачу, якая прысвечана зносінам з нашымі еўрапейскімі партнёрамі. І ёсць перадача, якая прысвечана "Славянскаму базару".

Ідэя трансліраваць наша радыёвяшчанне, у тым ліку і на рэсурсе “Беларусь. Факты”, сумесная - Белтэлерадыёкампаніі і Міністэрства замежных спраў. З аднаго боку, праект дапамагае фарміраваць наш імідж за мяжой, з другога - пашырае аўдыторыю слухачоў.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі: "Партал "Беларусь. Факты" - гэта аснова сайтаў беларускіх замежных устаноў. Іх больш за 50. І ўсе тыя людзі, якія наведваюць нашу краіну, часцей за ўсё пачынаюць сваё падарожжа менавіта са знаёмства з сайтам беларускага пасольства. У выніку рэалізацыі гэтага праекта спрабуем данесці голас радыё "Беларусь" бліжэй да патэнцыяльных слухачоў".

Навум Гальпяровіч, дырэктар дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё: "Тое, што мы робім у сферы міжнароднай журналістыкі, гэта ўвогуле унікальна. Супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў для нас задача прыярытэтная. Увогуле мы вельмі часта расказваем пра дзейнасць нашых дыпламатаў, звязваемся з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі нашай краіны, іншых краін. Таму гэты праект даўно наспеў ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам замежных спраў".

Зараз радыёстанцыя "Беларусь" запускае новы праект - “Званы памяці”, прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі. У кожным спецыяльным выпуску - гісторыі пра вёскі, якія былі спалены падчас фашысцкай акупацыі.

Толькі рэальныя факты, якія нікога не змогуць пакінуць раўнадушнымі. Аўтаматычна радыётрансляцыя гэтага праекта будзе з’яўляцца і на партале Міністэрства замежных спраў.