Белтэлерадыёкампанія актыўна працуе над пераходам да вяшчання ў фармаце HD

6 февраля 2017

Тэхналагічную трансфармацыю тэлевяшчання трэба правесці ў Беларусі. Сёння аб гэтым гаварыла кіраўнік Міністэрства інфармацыі на выніковай калегіі ведамства. Пераход на вяшчанне ў фармаце HD - задача, якую ўрад ставіць перад усімі тэлеканаламі. Як адзначыла Лілія Ананіч, яшчэ адным прыярытэтам працы тэлебачання становіцца стварэнне канкурэнтаздольнага нацыянальнага кантэнту і павелічэнне долі тэлепраграм уласнай вытворчасці. 

Асобнай тэмай стала аб'ектыўнасць інфармацыі: віцэ-прэм'ер Васіль Жарко адзначыў, што ад непрафесійнага падыходу да асвятлення падзей могуць пацярпець людзі. І пра гэтую адказнасць перад гледачамі і чытачамі павінен памятаць кожны журналіст. 

Гаворачы наконт вынікаў 2016 года, спецыялісты і медыяэксперты адзначаюць пазітыўныя змяненні ў развіцці анлайн-фарматаў як тэлевяшчання, так і друкаванай прэсы, а таксама выхад інфармацыйнай журналістыкі ў сацсеткі.

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Рэалізавана вельмі шмат знакавых міжнародных праектаў, журналісцкіх праектаў. Вы ведаеце нашы выставы, нашы форумы. Мы актыўна працавалі ў прасоўванні нашых інтарэсаў у пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва, літаральна падрыхтаваныя ўжо новыя пагадненні з Егіптам, са Шры-Ланкой, з шэрагам іншых дзяржаў".

Марат Маркаў, намеснік Старшыні Белтэлерадыёкампаніі: "У 2016 годзе мы шматлікія праекты перавялі ў сапраўды добрую студыю. Яны атрымалі новы фармат, новае гучанне. Мы ўпершыню выкарысталі такое паняцце, як паўнавартасная выязная студыя, на найбуйнейшых мерапрыемствах. І, шчыра кажучы, вось такімі навінкамі мы будзем здзіўляць і ў 2017 годзе".

Сёння ж стала вядома, што зараз Белтэлерадыёкампанія актыўна працуе над пераходам да вяшчання ў фармаце HD. Карцінка высокай дакладнасці можа з'явіцца на тэлеэкранах ужо сёлета. 

Яшчэ адна важная тэма калегіі - выкананне заканадаўства ўсімі ўдзельнікамі інфармацыйнага поля. Мінінфарм і надалей будзе прынцыпова падыходзіць да гэтых пытанняў, асабліва ў частцы, што датычыцца экстрэмізму. Так, толькі летась у 88-мі матэрыялах спецыяльная камісія выявіла парушэнні.