Белтэлекам супраць электронных лістоў з сумніўным зместам

16 июня 2014

Так званы спам часты госць у інтэрнэт-перапісках і на электроннай пошце. Як вынік - з выгляду бяскрыўднае паведамленне можа стаць пагрозай для камп'ютара.


Што такое спам і як абараніць сябе і свой ПК ад яго? Раскажа Дзмітрый Цітоў.


Самая танная і ў той жа час шкодная рэклама. Спаму не дадуць распаўсюдзіцца на тэрыторыі Беларусі. Рассылаць інтэрнэт-паведамленні сумніўнага характару дзеля заробку альбо распаўсюджвання вірусаў не дазволіць найбуйнейшы аператар электрасувязі - Белтэлекам.


Вадзім Шайбакоў, першы намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП Белтэлекам: Графік дэманструе колькасць спам-паведамленняў за апошнія сто гадзін. Колькасць іх знізілася з 14 600 абанентаў, якія былі заўважаныя ў спам-рассыланні, да 10 тысяч. Мы спадзяемся, што да канца месяца гэтая колькасць будзе яшчэ мінімізавацца.


Першы сродак ад спаму - гэта добры антывірус. Абанентам рэкамендуюць праверыць камп'ютары на наяўнасць заражаных праграм, а пры іх выяўленні правесці лячэнне альбо выдаленне аб'ектаў.


Аляксандр Вавула, супрацоўнік міжнароднай IT-кампаніі: Сам тэрмін спам узнік у 60-я гады ў ЗША, калі пасля Другой сусветнай вайны засталося вельмі шмат кансерваванай вяндліны на складах. Яе сталі вельмі назойліва рэкламаваць для таго, каб хутка прадаць. З тых часоў уся дакучлівая рэклама, якая ёсць у свеце, стала называцца спамам.


Каля 80 працэнтаў электронных лістоў, якія рассылаюцца, у Інтэрнэце называюць спамам. Іх можна параўнаць са звычайнымі лістоўкамі, якія ўкідваюць у паштовую скрыню. На думку экспертаў, са спамам трэба змагацца не толькі тэхнічнымі метадамі, але і прававымі.


Самае камфортнае месца для спаму - сацыяльныя сеткі. Хаця распаўсюджванне рэкламы з дапамогай рассылання паведамленняў у Інтэрнэце без згоды абанента забараняецца законам.


Дзяніс Атвалка, тэхнічны дырэктар беларускага інтэрнэт-партала: Спам сам па сабе - гэта проста лісты. Удасканальваюцца метады яго рассылання. Ёсць шмат розных схем. Напэўна, гэта самы масавы варыянт заражэння камп'ютара вірусам, вірус кіруецца цэнтрам і рассылае спам.


Абаненты, якія карыстаюцца электроннай поштай з дапамогай веб-браўзараў, не адчуюць на сабе якіх-небудзь нязручнасцяў і праблем. І такіх большасць. Часцей за ўсё спам рассылаецца з дапамогай спецыяльных паштовых праграм, якія ўсталёўваюць на камп'ютар. Карыстальнікам, якія рассылаюць да сотні тысяч спам-паведамленняў за дзень, будзе закрыты доступ да праграмы.


Вадзім Шайбакоў, першы намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях РУП Белтэлекам: Абаненты, якія карыстаюцца доступам да паштовай скрыні з дапамогай паштовых праграм, у выпадку ўзнікнення якіх-небудзь праблем павінны будуць пераключыцца на альтэрнатыўныя парты, што можна зрабіць у настройках любой праграмы.


Часта абаненты могуць не падазраваць, што з'яўляюцца распаўсюджвальнікамі спаму ў Інтэрнэце. Віной таму - адсутнасць антывірусных сістэм на камп'ютары. Менавіта сістэмная абарона зараз самы галоўны вораг для спамераў.