Беларусы ўвесь тыдзень адзначаюць Масленіцу

24 февраля 2017

Калісьці паганскае свята зараз сустракае і ўвесь праваслаўны свет за тыдзень да Вялікага посту. Гаспадыні радуюць свае сем'і блінамі, прычым рэцэптура ў кожнай свая. А кафэ і рэстараны імкнуцца здзівіць гасцей разнастайнымі начыннямі. Аб свяце надыходзячай вясны - Таццяна Кароль.

Такія бліны гатуюцца амаль суткі. І пячэ іх Ніна Багуцкая толькі раз на год на Масленіцу або як у яе роднай вёсцы гэтае свята называюць Запусты. Такая асаблівая рэцэптура мучнога сімвала вясны перадаецца ў гэтай сям'і з пакалення ў пакаленне.

Зараз такія бліны сучасныя гаспадыні не пякуць: печкі ў кватэры няма, ды і аддаць 24 гадзіны цесту можа не кожная бізнес-лэдзі. Але папесціць сябе і сваю сям'ю на Масленіцу ўсё ж хочацца. Для сучасных гаспадынь ёсць просты і хуткі рэцэпт.

Такі хуткі рэцэпт пад сілу асвоіць любой гаспадыні. Бяром некалькі інгрэдыентаў, цеста замесіць тэхніка, ну і спраўляцца з доўгімі пячнымі вілкамі не трэба, асабліва калі ёсць блінніца. Некалькі хвілін - і святочныя масленічныя аладкі гатовы.

У масленічны тыдзень усе кафэ і рэстараны Беларусі прапаноўваюць наведвальнікам разнастайнае бліннае меню: са смятанай, ікрой, тварагом, мясным начыннем - на любы густ патрабавальных кліентаў. Могуць іх прыгатаваць і прама на вашых вачах. Святлана Зеньчык - кухар аднаго са сталічных кафэ ведае ўсё пра масленічныя рэцэпты галоўнай стравы гэтага свята. Але, вясковых аладак з печы майстар не каштавала ніколі.

Зрэшты, Масленіцу адзначаюць не толькі застоллем з блінамі.

Снежныя ігрышчы, карагоды і спальванне пудзіла з'явіліся ў старажытных славян яшчэ да хрысціянства. Тады святкавалі паганскую Камаедзіцу ў дзень пачатку астранамічнай вясны. А само слова "Масленіца" з'явілася толькі ў 16 стагоддзі. Зараз даты свята залежаць ад Вялікадня: праваслаўны свет за тыдзень да Вялікага посту сустракае Сырную сядміцу.

Ірына Бачыла, выкладчык кафедры БДУ: «Нядзеля, бадай, такі самы галоўны дзень на працягу Масленічнага тыдня. Лічылася, што ў гэты дзень неабходна наведваць самых блізкіх людзей, вячэраць абавязкова трэба было дома ў сваім коле сямейным. Падчас гэтай вячэры звычайна было шмат ежы, якая была малочнага паходжання».

Сёлета асноўныя гулянні ў краіне таксама разгорнуцца да выхадных. Народныя оўпэн-эйры пройдуць у Лагойску, Азярцы, Суле. Дудутках і ў Белавежскай пушчы. А на галоўных пляцоўках сталіцы і ў рэгіёнах Масленіцу будуць сустракаць кулінарнымі майстар-класамі, канцэртамі і кірмашамі. У мінскім Батанічным садзе па традыцыі спаляць пудзіла Зімы.