Беларусы сустрэлі Новы год

1 января 2016

У той час як стрэлка на гадзінніках набліжалася да адзнакі 12, уся краіна марыла і спадзявалася, што новы, 2016 год прынясе ў нашы сем'і толькі самае лепшае. Нягледзячы на тое што свята сямейнае, урачыстасці разам з роднымі і блізкімі па традыцыі прадоўжыліся гуляннямі ва ўсіх гарадах Беларусі. Тым больш што гэтаму спрыяла і надвор'е. Адразу скажам: навагодняя ноч прайшла без здарэнняў, а ў святкаваннях прынялі ўдзел больш за 300 тысяч чалавек. Як беларусы праводзілі 2015-ы? З якімі эмоцыямі і настроем сустрэлі 2016-ы?

Раскажа Дзмітрый Лукша. Яшчэ за 20 хвілін да запаветнай паўночы галоўная плошча краіны не выглядала такой ужо шматлюднай. Людзі, вядома, займалі месцы ў імправізаванай глядзельнай зале, але пра аншлаг размовы не ішло. Але толькі стрэлкі на гадзінніках пачалі набліжацца да адзнакі 12, здаецца, уся сталіца выйшла на вуліцу і Мінск заззяў бенгальскімі агнямі. Краіна была гатовая да новага чараўніцтва.

А наперадзе толькі самыя смелыя жаданні і шчырыя эмоцыі. Пасля ўрачыстай прамовы і віншавання ад Кіраўніка дзяржавы беларусы лічылі секунды да прыходу новага, 2016 года. Перадаць тую атмасферу, якая ў тыя хвіліны панавала ў Мінску, немагчыма. Стрэлкі гадзіннікаў, злучыўшыся на запаветнай лічбе, чарговы раз намякнулі, што яшчэ не позна пачаць усё з нуля.

Сціпла цокаючы капыткамі, свавольная козачка завяршыла свой год. З гэтага моманту кіраваць балем будзе гарэзная Вогненная малпачка.

Астролагі гавораць, што сімвал новага года цалкам апраўдае свой вобраз. Беларусаў чакаюць новыя знаёмствы і прыемныя змяненні ў асабістым жыцці. Галоўнае не развешваць вушы, не рабіць грымасы лёсу і не віляць капрызна хвосцікам. І тады навагодняя малпа ўжо сапраўды не дазволіць вам адысці ад удачы і поспеху.

Не страчваючы добрага настрою, беларусы за лічаныя хвіліны запоўнілі галоўныя святочныя пляцоўкі сталіцы. Бадай, самай папулярнай з іх стала сцэна ля мінскага Палаца спорту, дзе праходзіў вялікі святочны канцэрт. Адпачывальнікаў радавалі выключна зоркі першай велічыні як беларускай, так і расійскай эстрады.

Але больш за ўсё авацый было, вядома, для галоўнага зімовага чараўніка - Дзеда Мароза. Не стамляючыся ад успышак фотакамер, добры стары прымаў падзяку за самы галоўны падарунак снежня - сапраўдны навагодні настрой. Нібы па ўзмаху чароўнай палачкі за некалькі дзён да Новага года ў краіне з'явіліся пухнатыя гурбы. Ці гэта не тое самае святочнае чараўніцтва?

Але самая прыгожая частка навагодняй ночы, вядома ж, засталася на потым - урачысты феерверк. Сёлета ён расфарбаваў неба над Траецкім прадмесцем.

Такімі былі апошнія хвіліны 2015-га і першыя крокі 2016 года. Якім ён будзе, мы зможам даведацца ўжо зусім хутка. Галоўнае - верыць, што жаданні, загаданыя пад бой курантаў, не развеюцца завеяй, а знойдуць сваё месца ў рэальным жыцці кожнага беларуса. Ён пачаўся, Новы год, са сваімі новымі падарункамі. А яркі старт, як вядома, заўсёды абяцае не менш маляўнічае развіццё.