Беларусы змогуць здымаць наяўныя грошы ў магазінах

13 сентября 2019
Праект пастановы Нацбанка  вынесены на грамадскае абмеркаванне.  Прасцей кажучы, абнаявіць патрэбную суму з карткі дапамогуць на касе. Важная ўмова: трэба будзе зрабіць любую пакупку.  Чакаецца, што паслуга запрацуе  перш за ўсё  ў сельскай мясцовасці. І ўжо з 1-га студзеня наступнага года. А яшчэ праз два - на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Для магазінаў - гэта зусім не абавязак. Жадаючыя павінны будуць заключыць дагавор з банкам-экваерам. Але ў падатковай упэўненыя, прапанова зацікавіць гандаль. 

За раз можна будзе зняць на касе суму  10 базавых. Не больш. Сёння гэта 255 рублёў.  Паслуга асабліва патрэбная невялікім населеным пунктам, дзе банкам нерэнтабельна ўстанаўліваць  банкаматы або адкрываць філіялы. Магчымасць здымаць наяўныя грошы  ў магазінах ёсць у жыхароў  Германіі і Польшчы. У тэставым рэжыме паслуга дзейнічае ў Расіі.