Беларусы адзначаюць Дзень вышыванкі

2 июля 2020
Урачыстасць сімвала, этнічнага арнаменту, кода нацыі. Дзень вышыванкі адзначаюць беларусы напярэдадні галоўнага свята краіны - Дня Незалежнасці. Асноўныя гулянні разгорнуцца ля Палаца спорту. Менавіта тут будуць разыграны запрашальныя білеты на свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). 

Пра традыцыі беларускага нацыянальнага арнамента – Вольга Мядзведзь.

Код нацыі ў нітцы па лёну. У геаметрычны малюнак нашы продкі заклалі пэўны сэнс, які дагэтуль складана расшыфраваць. У кожнага рэгіёна былі свае адметныя рысы, таму, напрыклад, адзін сімвал на Віцебшчыне і на Палессі меў рознае трактаванне.


Вышыўка як абярэг 

Вышыўка ў гаспадыні была пэўным рытуалам: за справу майстрыхі садзіліся ў дакладныя дні, пасля духоўнай падрыхтоўкі. З арнаментам звязана шмат павер'яў, напрыклад, узор размяшчалі не выпадковым чынам, а на стыках тканін і па краі, каб д'ябал не прабраўся да цела. Сукенкі, кашулі, ручнікі можна чытаць, у прамым сэнсе. Падарунак маладым на вяселле з пажаданнямі шчаслівага шлюбу, сям'і, поўнай дзетак, здароўя.


Традыцыі этнічнага ўзору працягваюцца і ў сучаснасці 


Традыцыі працягваюць і зараз сучасныя рамеснікі. Ад цацак, сувеніраў, прысмакаў для турыстаў да нашага этнічнага адзення, каб на кожны дзень насіць. З усіх пакупак 70 % - гэта беларусы. 

Зараз адзенне з нацыянальным арнаментам стала прадметам мас-маркету. Трэба быць уважлівымі, прадукцыя з узорам-шыфрам, пастаўленая на паток, часта акрамя прыгажосці не нясе ніякага сэнсу. Адметны беларускі нацыянальны арнамент і ў манументальным фармаце. Усё часцей этнічны малюнак можна ўбачыць у стрыт-арце. Мастакі, аўтары муралаў, у тым ліку і замежныя, апранаюць сучасных герояў сваіх карцін у вышыванку ці выкарыстоўваюць узор народнага строю як фон.

Дзень вышыванкі ў сэрцы сталіцы

Дзень вышыванкі ў фармаце оўпен-эйру. На адкрытай пляцоўцы ля Палаца спорту сабралася моладзь і рамеснікі з усёй Беларусі. Музей пад адкрытым небам з вырабамі народных рамёстваў, салон беларускага арнаменту, фуд-корт нацыянальных страў, горад майстроў, канцэрт творчых калектываў. Таксама кожная вобласць падрыхтавала прэзентацыю этнічных гульняў. А ў гэтыя хвіліны ў сэрцы сталіцы фолк-дыскатэка "Вышыванка.by".

У Дзень беларускай вышыванкі нацыянальным арнаментам упрыгожаныя і сацсеткі

Беларусы падтрымалі ўрачысты дрэс-код і ў сваіх профілях запосцілі тэматычныя фотаздымкі пад хештэгам #вышиванка і #деньвышиванки. Дарэчы, святочную рамку для фатаграфій профілю ў “Фэйсбуку” запусціла і Міністэрства замежных спраў. Так беларускі арнамент і нацыянальныя колеры разляцяцца па ўсім свеце. З нагоды свята ў гэтым ведамстве прайшоў традыцыйны фестываль "У Беларусі як дома", але ў дыстанцыйнай версіі з-за пандэміі. Гасцямі сталі замежныя дыпламаты, акрэдытаваныя ў нашай краіне. Аб'яднала іх не толькі агульная справа, але і дрэс-код - вышыванка.

Жаклін Перкінс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі: "У кожнай краіны свае сімвалы. Вышыванка - важны сімвал для Беларусі, гэта тое, чым людзі могуць ганарыцца. Бо гледзячы на вышыванку, можна сказаць: "Так, гэта беларус". Таму такія сімвалы вельмі важныя".


Нацыянальны ўзор і ў дзяржаўнай сімволіцы нашай краіны. У аснове арнаменту ляжыць узор "узыходзячае сонца". Вертыкальная арнаментальная паласа дзяржаўнага флага Беларусі поўная сімвалаў пра сувязь пакаленняў, дабрабыт, багацце, працяг жыцця, засеяныя палі.