Беларусы не звярталіся па дапамогу пасля землетрасення ля грэчаскага вострава Кос

21 июля 2017

Такая інфармацыя размешчаная ў твітэр-акаўнце МЗС Беларусі. Пасольства працягвае сачыць за сітуацыяй.

Як мы паведамлялі раней, сёння ўначы ў Эгейскім моры адбылося землетрасенне магнітудай 6,7. На востраве Кос больш за 120 пацярпелых, два чалавекі загінулі. Ужо вядома, што гэта турысты з Турцыі і Швецыі. Яны загінулі пры разбурэнні сцяны ў адным з бараў. Пашкодзіла старажытную крэпасць і мінарэт мячэці. У шматлікіх дамах з'явіліся расколіны і вылецелі вокны. Некаторым турыстам прыйшлося правесці гэтую ноч на пляжы.

У Турцыі крыху на поўдзень ад папулярнага курорта Бодрум землетрасенне выклікала цунамі. 20 катараў выкінула на бераг. Затопленымі апынуліся першыя паверхі і сутарэнні офісаў, магазінаў і гатэляў. У выніку троххвіліннага ўдару хваляў былі выдраныя з коранем узбярэжныя дрэвы. Частка з іх звалілася на машыны і пабіла шыбы ў дамах. Каля 70 чалавек звярнуліся па меддапамогу. У Мармарысе вялікая вада дабралася да першых паверхаў гатэляў. Дзясяткі людзей прыйшлося эвакуіраваць.