Беларусы могуць ездзіць у Туніс без віз

19 августа 2015

Такое рашэнне прыняў урад паўночнаафрыканскай дзяржавы. Гэтую інфармацыю журналістам Агенцтва тэленавін пацвердзілі ў МЗС нашай краіны. Для ўезду на тэрыторыю Туніса беларусам неабходна мець пашпарты і праязныя дакументы, адзначылі ў знешнепалітычным ведамстве. Тэрмін знаходжання - да 90 дзён.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Мы вітаем гэтае рашэнне туніскага боку. Адначасова неабходна звярнуць увагу на тое, што ў Тунісе яшчэ не скасаваны рэжым надзвычайнага становішча, уведзены пасля двух рэзанансных тэрактаў. Туніскія ўлады і вайскоўцы прымаюць меры па гарантаванні бяспекі замежных турыстаў у курортных зонах. Тэрарыстычная пагроза ў краіне захоўваецца, стапрацэнтнай гарантыі бяспекі замежных грамадзян няма".

Нагадаем, 30 чэрвеня МЗС Беларусі рэкамендаваў нашым грамадзянам, якія знаходзяцца ў Тунісе, выконваць максімальна магчымыя меры засцярогі і ўстрымацца ад наведвання шматлюдных месцаў. Гэтыя рэкамендацыі пакуль актуальныя.