Беларусы, якія патрапілі ў ДТЗ ва Украіне, працягнулі шлях у Адэсу

23 июля 2018

Кампанія-перавозчык пачала ўнутранае расследаванне пасля ДТЗ, у якое сёння ва Украіне патрапіў аўтобус з беларускімі турыстамі. Пра гэта нам распавёў дырэктар Павел Куцэнка. Нагадаем, каля шасці раніцы за 135 км да Кіева машына апынулася ў кювеце. Гэта быў рэгулярны міжнародны рэйс па маршруце Мінск - Бабруйск - Мазыр - Кіеў - Адэса. Паводле адной з версій, вадзіцель заснуў за рулём. Гэта пацвярджаюць і відавочцы аварыі.

Спачатку турыстам падалі транспарт на замену, і яны даехалі да Кіева. А некалькі гадзін таму, зазначыў перавозчык, на іншым аўтобусе беларусы адправіліся па маршруце далей у Адэсу.

Адзначым, у аўтобусе знаходзілася 47 чалавек пасажыраў, у тым ліку 20 дзяцей - прадстаўнікі футбольнай каманды 7-8 гадоў - і тры члены экіпажа.