Беларусы рыхтуюцца сустрэць Стары Новы год

13 января 2017

Новы год аж 2 разы на год! Беларусы рыхтуюцца сустрэць Стары Новы год. Назва свята звыклая, але мала хто ведае, як яна з'явілася, ды і якія традыцыі нам пакінула. Таццяна Кароль раскажа падрабязней.

Чаму Новы год два разы на год? Уся справа ў календарах: юліянскім і грыгарыянскім. Да пачатку ХХ стагоддзя Расія жыла па старым стылі - юліянскім календары. Але ў 1918, каб скараціць часовую розніцу з Еўропай, ужо тады адрыў ад Захаду ў днях складаў 13 дзён, вырашылі перайсці на грыгарыянскі час адліку. Ну, а праваслаўная царква прымаць еўрапейскія традыцыі не стала. А ў савецкіх людзей з'явілася яшчэ адно свята - другі Новы год, або, як яго назвалі, Стары.

Іван Крук, этнакультуролаг: "Тое, што было ў адпаведнасці з тваёй душой, як дзяды гэта святкавалі, так і засталося ў нас у адзіных усходніх славян (беларусы, рускія, украінцы); больш нідзе такога тэрміна ў свеце не ведаюць, як Стары Новы год. Пагэтаму гэта не такая даўняя рэч, ёй усяго сто гадочкаў, але тым не менш яна да гэтага часу захоўваецца ў нашай свядомасці".

А ў народным календары ўсходніх славян вечар з 13 на 14 студзеня зваўся Шчодрым.

Па звычаі ў гэты дзень гаспадары шчодра накрывалі на стол. Чым больш багатыя і разнастайныя стравы, тым больш шчаслівы і багаты будзе год.

Абавязкова на стол ставілі куццю, фаршыравалі карпа - гэта сімвал праваслаўя, пяклі пірагі і смажылі свініну як знак урадлівасці.

Аляксандр Чыкілеўскі, кіраўнік Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі: "Стол сялянскі быў трошкі бяднейшы, але тым не менш усе гаспадыні імкнуліся выстаўляць менавіта тую колькасць, якая неабходна была. У шляхты, натуральна, было магчымасцяў пабольш, і яны застаўлялі свой стол больш вытанчанымі прадуктамі".

На святочным стале ставілі 12 страў, па адной на кожны месяц года, а за сталом збіралася ўся сям'я - тады новы год будзе ўдачлівым для кожнага.