Беларусы рыхтуюцца да летніх адпачынкаў. Пра якія правілы не варта забываць пры выбары тураператара

26 мая 2019

Беларусы на ўсю моц рыхтуюцца да летніх адпачынкаў. Якія краіны  выклікаюць цікавасць у нашых грамадзян, пра якія правілы не варта забываць пры выбары тураператара -   распавядзе Ксенія Лебедзева

Паводле афіцыйных звестак, больш за 850 тысяч беларусаў летась выехалі за мяжу як арганізаваныя турысты і экскурсанты. Пятая частка  адправілася ў краіны СНД, у Еўрасаюз - 28 %, у іншыя краіны - звыш паловы.

Паводле звестак турагенцтваў, самымі папулярнымі кірункамі на час летняга адпачынку ў беларусаў па-ранейшаму застаюцца Турцыя, Егіпет і Адэская вобласць Украіны, гатэлі, дзе ўсё ўключана і пляжны адпачынак у прыярытэце. 

Нягледзячы на тое, што Турцыя перайшла на разлік тураў у еўра, за кошт чаго пуцёўкі толькі падаражэлі, яна застаецца самай прывабнай краінай для сямейнага адпачынку. 

Альтэрнатыва Турцыі - Туніс. Працяглы час з-за тэрактаў у 2015 турбизнес быў у заняпадзе. Зараз узрасла бяспека, вярнуліся буйныя еўрапейскія аператары.

Цікавасць узросла да Албаніі,  яе называюць апошняй загадкай Еўропы.

Белыя пясчаныя пляжы абмываюць 2 моры, камфортны клімат - прырода не горшая за Мальдывы. Плюс непадобная культура і невысокія цэны. 

І да лістапада бязвіз. Дарэчы, без штампа беларусы могуць адправіцца ў 41 краіну. Напрыклад, у Ізраілі і Грузіі знаходжанне для беларускіх грамадзян 90 дзён, у Сербіі - 30, Узбекістан не абмяжоўвае. 

Пазбегнуць непрыемнасцей у краіне знаходжання дапаможа папярэдняе знаёмства з яе культурнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі, а таксама правіламі ўвозу і вывазу забароненых рэчаў і рэчываў. Варта азнаёміцца з правіламі перавозкі багажу і ручной паклажы. 

Уладзімір Драннікаў, намеснік начальніка службы Нацыянальнага аэрапорта Мінск: "Існуюць міжнародныя патрабаванні па максімальным памеры ручной паклажы.  Кожная авіякампанія можа іх толькі змяншаць. Павялічваць не мае права. Сістэма аўтаматычнага вяртання латкоў, якую аэрапорт зараз уводзіць у эксплуатацыю, - гэта ўсяго толькі інструмент, які дазваляе кантраляваць выкананне аэрапортам патрабаванняў авіякампаній па перавозцы ручной паклажы".

На курортныя авіякірункі летам стабільны попыт, танныя білеты разбіраюць яшчэ ў халодны сезон, гавораць спецыялісты беларускай авіякампаніі. Вынік мінулага года: пасажырапаток у Батумі за 3 летнія месяцы вышэйшы, чым за гэты ж зімовы перыяд, у 8 разоў, у Ларнаку - амаль у 10, Цікавімся, калі купляць білеты па зніжаных цэнах.

Эксперты тургаліны раяць рыхтавацца да адпачынку яшчэ зімой, калі гатэлі выстаўляюць самыя выгадныя цэны. Калі толькі гатовыя для адпачынку,  шукайце гарачыя туры. Пры гэтым не забудзьце праверыць вашу турыстычную кампанію ў рэестры на сайце Мінспорта і турызму, азнаёміцца з водзывамі ў Інтэрнэце, затым удакладніць умовы дагавора. Калі ўсё задаволіла, бярыце тур і адпраўляйцеся ў лета.