Беларусы гэтай ноччу змогуць назіраць метэорны дождж Персеіды

12 августа 2018

Беларусы ў ноч на панядзелак змогуць загадаць больш за тысячу жаданняў. Пройдзе метэорны дождж Персеіды, яго яшчэ называюць Жнівеньскім зорападам.

Насамрэч знічкі - гэта метэоры - невялікія часціцы каметнага рэчыва памерам з гарошыну. Яны ўваходзяць у зямную атмасферу на хуткасці каля 210 тысяч кіламетраў за гадзіну і практычна імгненна згараюць, пакідаючы ў небе прыгожы след.

Самыя буйныя з іх бываюць бачныя да некалькіх секунд. Месяц сёлета не перашкаджае - маладзік 11 жніўня стварыў ідэальныя ўмовы для назіранняў.

Паглядзець на зорапад можна праз тэлескоп у мінскім планетарыі, аднак, паводле слоў спецыялістаў, лепш назіраць за часціцамі каметы за горадам.

Часціцы невялікія і пагрозы для планеты не ўяўляюць. Пасля сённяшняга зорападу, ужо не такі маштабны, але ўсё яшчэ яркі паток прадоўжыцца да 24 жніўня.