Беларусы актыўна распрацоўваюць сацыяльныя праекты

3 января 2017

Чахлы для кювезаў, інтэрнэт-магазін экатавараў   з асабістых падворкаў пенсіянераў і IT-школа для глухіх.  Беларусы актыўна распрацоўваюць сацыяльныя праекты, якія могуць прынесці карысць шматлікім. Грошы на рэалізацыю смелых ідэй гатовы  даць мецэнаты, а таксама неабыякавыя жыхары краіны. Антаніна Станкевіч - падрабязней.

Журналіст па адукацыі, а швачкай давялося  стаць па прызначэнні з нараджэннем дачкі. Тады  Марына Бегункова ўспомніла, што нядрэнна ладзіць  з тканінай, ніткамі, іголкамі і… бегункамі. Спачатку шыла распашонкі, коўдры і камбінезоны для сваёй дачкі, потым пасыпаліся заказы ад іншых бацькоў, ну а пасля захацелася, каб хобі прыносіла не толькі радасць, але і карысць. Так нарадзілася ідэя шыць чахлы на кювезы для неданошаных дзяцей.

У найбліжэйшых планах – пашыць  60 такіх вырабаў і бязвыплатна перадаць іх у радзільныя дамы  краіны. Асабліва чахлы чакаюць у рэгіёнах. Да ініцыятывы, дарэчы, далучылася і мама Марыны, а некаторыя заказчыкі дапамагаюць фінансава.

Анастасія Казакевіч жыве недалёка ад станцыі метро "Каменная Горка", а таму нярэдка робіць пакупкі на мясцовым стыхійным рынку. Быццам бы сама сабою нарадзілася ідэя стварэння інтэрнэт-магазіна, дзе будуць гандляваць прадукцыяй з асабістых падворкаў. Мэт у праекта дзве: па-першае, у пенсіянераў адпадзе неабходнасць стаяць ля метро, ну а спажыўцы атрымаюць магчымасць купляць  якасную гародніну, грыбы,  і нават варэнне.

У гэтым класе кожны ахвотнік  спасцігае свет высокіх тэхналогій. Адным з такіх вучняў калісьці стаў Максім Молнар. Самай вялікай складанасцю было асвоіць   хлопцу з парушэннем слыху стандартны курс па 3D мадэляванні. Зараз Максім  паспяхова працуе ў адной з самых запатрабаваных сфер, а кіраўніцтва школы стварыла спецыялізаваныя класы, дзе авалодаць асновамі  праграміравання, тэсціравання і 3D мадэлявання могуць людзі з такімі ж праблемамі. Адзін з педагогаў - Максім Молнар.

Па выніках года з дзясятак такіх ідэй прапанавалі  на конкурсе сацыяльных праектаў. Лепшыя - а вынікі вызначаюць выключна галасаваннем у Інтэрнэце - атрымліваюць падтрымку спонсараў, сярод якіх кіраўнікі буйных кампаній.

Як правіла, сацыяльныя праекты ў першую чаргу нацэленыя не на асабістую выгаду аўтара, а для таго, каб прынесці карысць грамадству. Таму апроч мецэнатаў іх падтрымліваюць і звычайныя інтэрнэт-карыстальнікі. Збор сродкаў вядзецца на папулярных краудфандынгавых платформах.

А ўжо з сярэдзіны месяца стартуе прыём заявак на новы конкурс сацыяльных праектаў. Галоўнае, сцвярджаюць арганізатары,  - "гарэць ідэяй". 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя