Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту - 95

28 октября 2016

З юбілеем калектыў адной з найстарэйшых і прэстыжных ВНУ краіны павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

Сёння ў Вялікім тэатры прайшоў ўрачысты сход, падчас якога рэктар уручыў узнагароды лепшым выкладчыкам, супрацоўнікам і навукоўцам БДУ. Таксама на вечары паказалі фільм, падрыхтаваны да юбілею. Павіншаваць альма-матар прыйшлі прадстаўнікі міністэрстваў, вядомыя навукоўцы, а таксама замежныя госці.

Сяргей Абламейка, рэктар БДУ: "Гэта ўніверсітэт сусветнага класа, універсітэт, які за гэтыя гады (я ўжо не раз гавару гэта) выпусціў больш як 160 тысяч спецыялістаў для народнай гаспадаркі нашай краіны, падрыхтавана больш за 5000 кандыдатаў навук, каля 1000 дактароў навук. За ўвесь гэты час навуковых распрацовак было вельмі шмат зроблена, укаранёна. Г. з. універсітэт, які для краіны зрабіў вельмі шмат, і зараз таксама з'яўляецца гонарам краіны, гэта брэнд Рэспублікі Беларусь".

Давід Ротман, дырэктар цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ: "Самае выдатнае - гэта не ўзнагарода, а самае выдатнае, што тут ёсць магчымасць убачыць людзей, з якімі 50 гадоў знаёмы, так што абдымаемся, вітаемся, вельмі даўно не бачыліся. А ўніверсітэт павінен працвітаць, будзем рабіць усё для таго, каб гэта было менавіта так".

Гэтая сустрэча стала заключнай на юбілейным тыдні. Афіцыйнае адкрыццё Белдзяржуніверсітэта адбылося 30 кастрычніка 1921 года.