Беларускае грамадзянства атрымалі больш за 1 200 украінцаў

8 декабря 2021
Больш за 1 200 чалавек, якія прыехалі да нас з Украіны, ужо атрымалі беларускі пашпарт. І гэта толькі за апошнія тры месяцы. Сёння ў МУС распавялі, як праходзіць працэдура прадастаўлення беларускага грамадзянства іншаземцам і выконваецца даручэнне Прэзідэнта. Начальнік дэпартамента Аляксей Бягун адзначыў, што з сярэдзіны жніўня гэтага года яго калегі правялі каля чатырох тысяч кансультацый і прынялі да разгляду амаль паўтары тысячы заяў аб атрыманні грамадзянства Беларусі. Больш за тысячу ўкраінцаў атрымаюць беларускі пашпарт.

Напярэдадні кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб прадастаўленні беларускага грамадзянства, у спісы трапілі 448 грамадзян Украіны. Размова пра людзей, якія звярнуліся пасля даручэнняў Прэзідэнта.

А яны былі дадзеныя падчас "Вялікай размовы" гэтым летам. Пытанне было ўзнята журналістамі Белтэлерадыёкампаніі. Просьбы на гэтую тэму гучалі ў розных рэгіёнах, дзе здымалі рэпартажы аб перасяленцах. Раней Аляксандр Лукашэнка ўжо падпісаў аналагічны ўказ, паводле якога ў грамадзянства Беларусі прынятыя 248 украінцаў.