Беларуская мова стала сапраўдным брэндам рэспублікі

21 февраля 2018

Несумненна, роднае слова з'яўляецца сімвалам народа, тым, што яднае людзей. Беларуская мова стала сапраўдным брэндам рэспублікі. На ёй каменціруюць спартыўныя матчы, рэкламуюць тавары і агучваюць галівудскія фільмы. Якую літару беларускага алфавіту моладзь носіць на майках?

І якія родныя словы часцей за ўсё набіваюць на целе брутальныя патрыёты. Падрабязнасці ў рэпартажы Іны Пілевіч. Па-беларуску не толькі вітаюцца, але спяваюць і чытаюць вершы. Весці выхаваўчы працэс выключна на роднай мове – такі прынцып сталічнага дзіцячага садка «Вясёлка». Штодзень тут ладзяцца тэматычныя заняткі. Маленькія беларусы разбіраюць класіку – творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Танка.

Тут у вас запытаюць фірменную бірульку і прапануюць кубачак кавы з сабой. Буйная сетка аўтазаправачных станцый 2 гады таму правяла поўную беларусізацыю. Кліентаў абслугоўваюць выключна на роднай мове. На ёй выкананы ўсе шыльды, аб'явы і цэтлікі для тавараў.

Пакупніку «цукар» - саладзейшы за «сахар». Спажыўцы ўсё часцей аддаюць перавагу таварам з «нашай» ўпакоўкай. Нацыянальная адметнасць у назве, слогане ці дызайне дадае брэндам маркетынгавай каштоўнасці. Як вынік – не толькі рост попыту на прадукт, але і міжнароднае прызнанне. Аўтарытэтны конкурс упершыню адзначыў беларускамоўную ўпакоўку ўзнагародай, у нашага цукру – срэбра.

У нескладовае на завушніцах, пярсцёнках, пашпарце. Літара, якая існуе толькі ў беларускай мове, стала знакам адметнасці. У сталіцы дзейнічае крама для тых, хто жадае падкрэсліць сваю індывідуальнасць праз рэчы з нацыянальным каларытам. Трэнд гэтага сезона – майкі з цытатамі і партрэтам класікаў беларускай літаратуры.

Вучыць беларускую мову, не ўстаючы з ложку. Сучасныя вытворцы прапануюць накрыцца ці падкласці пад галаву літаральна слоўнік. Камплект бялізны ўпрыгожаны дзвюма сотнямі мілагучных слоў – ад "абібока" да "юнацтва".

Прыйшоў да беларускай праз веру. Студэнт са Шры-Ланкі Крыс Харыс вывучае мову ў храме. Католік па веравызнанні штотыдзень наведвае віцебскі касцёл Святога Духа. Па-беларуску лёгка чытае ўсе асноўныя малітвы.

Па-беларуску загаварыў Форэст Гамп. Галівудская класіка цяпер на роднай мове. У Мінску набіраюць папулярнасць нацыянальныя кінаўікенды. Прафесійныя акцёры і дыктары пераагучылі амаль 10 культавых стужак. Прычым легальна – на гэта атрыманы дазвол праваўладальнікаў. Чарговая прэм'ера – праз месяц. На гэты раз гледачы атрымаюць асалоду ад прагляду «Неверагодных прыгод Уолтэра Міці».

Галкіпер, варатар ці брамнік. Які менавіта тэрмін абраць падчас спартыўнага «моўнага» матча - справа каментатара, але правільным будзе кожны. Голас самых брутальных матчаў Павел Баранаў вярнуў спорту беларускую амаль 6 гадоў таму дзякуючы сустрэчы БАТЭ - "Мазыр". Такую ініцыятыву падтрымалі не толькі гледачы, але і калегі.

Да Дня роднай мовы – топ-ліст самых беларускамоўных спартыўных клубаў краіны. Сярод лідараў рэйтынгу - баскетбольны клуб “Цмокі”. Назва ўзята з беларускай міфалогіі – вобраз дракона дапамагае весці гульню з такім жа запалам.

Зубры чытаюць песню «Пра зубра». Спецыяльна да Міжнароднага дня роднага слова хакейны клуб “Дынама-Мінск” вырашыў прадэкламаваць фрагмент знакамітай паэмы Міколы Гусоўскага.

Дзень матчынай мовы - выдатная падстава пакінуць роднае слова на сабе назаўжды. Апошнім часам тату-салоны прапануюць наколкі з нацыянальным каларытам. Набейце мне анёла! Калі ласка!

Парадокс, беларускамоўныя тату часцей заказваюць іншаземцы. Да прыкладу, спартсмены-госці просяць накалоць лаканічна – дату спаборніцтваў і Мінск, дзе абавязкова літара і з кропкай.