Беларускі ўсюдыход знімецца ў Галівудзе

28 октября 2015

Унікальны снегабалотаход айчыннай вытворчасці можа стаць наступным аўтамабілем Джеймса Бонда. Акрамя таго, экзэмпляр цуд-тэхнікі купіў і адзін з арабскіх шэйхаў. Сёння наша здымачная група першай змагла правесці тэст-драйв унікальнага аўтамабіля. Падрабязнасці - у рэпартажы з колаў Аляксея Адашкіна.

Афіцыйна гэтая машына-гігант завецца снегабалотаход БМЕ-1015. Менавіта мы будзем першымі журналістамі, якія правядуць тэст-драйв гэтага ўсюдыхода. Салон аскетычны, але менавіта так павінен выглядаць аўтамабіль для сапраўдных мужчын. А галоўнае, што хутка за гэтым рулём будзе сядзець галівудскі акцёр, выканаўца ролі Джэймса Бонда. Паехалі.

Гэты аўтамабіль на стаянцы ніколі не згубіцца. Вядома, і паркавацца на ім не так-та проста. Аднак снегабалотаход створаны для прасторы. Як гавораць распрацоўшчыкі цуд-тэхнікі, для такой машыны патрэбныя не дарогі, а кірункі. Дзікі нораў пазадарожніка на відэа ў Інтэрнэце спадабаўся амерыканскай кінастудыі Columbia Pictures. Можна сказаць, што беларускі аўтамабіль прайшоў кастынг у Галівуд.

Снегабалотаход вырабляе мінскае прадпрыемства МАЗ-МАН. Магутнасці завода дазваляюць выпускаць 20 такіх гігантаў кожны месяц. Мэтавая аўдыторыя - гэта газавікі і нафтавікі, энергетыкі і падраздзяленні МНС. Вядома, па нораве такі пазадарожнік прыйшоўся і паляўнічым.

Гэты джып-волат здольны перасоўвацца і па глыбокім снезе, і па балоце. Ён нават можа фарсіраваць водныя перашкоды з хуткасцю 8 кіламетраў за гадзіну - для гэтага машына камплектуецца вось такім вяслярным вінтом. Падчас руху па сушы ўсюдыход паскараецца да 50 кіламетраў за гадзіну. Дарэчы, спецыяльна для гэтага аўтамабіля на Белшыне былі распрацаваныя пнеўматычныя шыны звышнізкага ціску. Яны забяспечваюць высокую праходнасць і плывучасць.

Распрацаваныя мадыфікацыі пазадарожніка з бензінавым і дызельным рухавіком. Дарэчы, кузаў снегабалотахода радніць яго з суперкарамі. Корпус аўто выкананы са шклопластыку. Таксама беларускай вытворчасці.

Ужо заўтра гэты экзэмпляр, які мае спецыяльны цюнінг, адправіцца ў далёкае падарожжа - у Дубай. Там айчынны ўсюдыход прыме ўдзел у спецыялізаванай выставе. Кампанія "Сохра груп", якая пастаўляе беларускую тэхніку ў рэгіён Персідскага заліва, правяла спецыяльную адаптацыю гэтай машыны да ўмоў гарачых пустыняў.

Кошт гэтага пазадарожніка, гаворачы мовай аўтааматараў, пры поўным фаршы можа даходзіць да 50 тысяч долараў. Аднак гэта значна менш, чым кошт канкурэнтаў. Здымкі ў галівудскім блакбастары змогуць істотна пашырыць рынак продажаў гэтага беларускага волата.