Беларускі лес зноў на кантролі Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

4 января 2019

За мінулы год абаронцы прыроды выявілі тысячы кубаметраў драўніны, якую нарыхтоўвалі нелегальна альбо з парушэннямі. Адзін з апошніх выпадкаў у Бярэзінскім раёне – незаконная высечка, крадзеж і перамяшчэнне драўніны без дакументаў. Сумы ўрону - дзясяткі тысяч рублёў. У Дзяржінспекцыі ўпэўненыя, што сітуацыю дапаможа выправіць штодзённы электронны ўлік.

Падрабязна Аляксандр Камовіч. Яшчэ нядаўна на гэтай дзялянцы на ўсю моц шумелі дрэвы, а пасля бензапілы. А сёння засталіся толькі пянькі і верхавіны дрэў. І ўсё б нічога, толькі вось лесарубы валілі дубы, клёны і ліпы, на якія ў іх не было дазволу. Больш за тое, гэтае месца з'яўляецца заказнікам, які быў створаны для захавання ўнікальнага лесабалотнага масіву - месца пасялення чырванакніжных жывёлін. Па дакументах гэта была санітарная высечка. Толькі вось па факце ўсё выйшла інакш.

Зараз маштаб такой працы ацэньваюць ужо не толькі абаронцы прыроды, але і іншыя праваахоўныя органы. Больш за паўсотні паваленых дрэў і ўрон 24 тысячы рублёў. Нараўне з незаконнай высечкай яшчэ адзін галаўны боль для абаронцаў прыроды - гэта так званыя таварна-транспартныя накладныя. Некаторыя дзялкі, маючы дакументы на адзін рэйс, спрабуюць правесці розныя грузы некалькі разоў. Іншыя і зусім запаўняюць дакументы толькі тады, калі ўбачаць кантралёраў.

І гэтым разам афера не атрымалася. Зараз кіраўніку гаспадаркі ўжо прыйдзецца адказваць за крадзеж 11 кубаметраў дзелавой драўніны. Як гавораць у інспекцыі, гэтая сітуацыя чарговы раз выявіла праблему ўліку здабычы зялёнага золата.

Каб пазбегнуць такіх гісторый, ёсць і свае прапановы: па-першае, гэта штодзённы электронны ўлік нарыхтаванага лесу, а па-другое, маркіроўка яго спецыяльнымі біркамі, якія дазволяць усталяваць уласніка. Яна ўжо працуе ў суседніх краінах і паказвае добрыя вынікі.

Дадам, што дапушчальнае разыходжанне паміж дазволенай да высечкі і фактычна нарыхтаванай драўнінай па законе сёння можа складаць 10 %, што ў маштабах краіны каля 2 мільёнаў кубаметраў. І размова тут не толькі пра экалогію, але і эканоміку. Пры адсутнасці сістэмы электроннага ўліку гэты момант таксама стварае перадумовы для крадзяжу лесу.