Беларускі інжынер навучыўся здабываць чорнае золата са звычайнага смецця

8 сентября 2016

Усяго за месяц Віталь Шаблоў сабраў інавацыйную ўстаноўку, якая выдзяляе з пластыку, гумы і іншых сінтэтычных матэрыялаў нафтавыя малекулы і ператварае іх у высакаякаснае паліва. Пры гэтым працуе машына на газе, які атрымліваецца падчас перапрацоўкі смецця. Экалагічны і эканамічны эфект ноу-хау ацаніў Ян Пашкевіч.

Універсальны трансфарматар сінтэтычных вырабаў у паліва Віталь Шаблоў сабраў з падручных сродкаў за месяц. Самаробная ўстаноўка - мінізавод па перапрацоўцы нафты, толькі замест глыбінных свідравін крыніцай каштоўнай вадкасці для яе стала звычайнае смецце.

Машынная гума, пластыкавыя бутэлькі або іншыя сінтэтычныя матэрыялы, ўсё гэта можна перапрацаваць у высокаякаснае паліва з дапамогай вось гэтай устаноўкі. Дастаткова кінуць смецце ўнутр, і пасля нядоўгага працэсу мы атрымаем вось такую вадкасць, якая гарыць не горш чым звычайнае дызельнае паліва.

Гэта сінтэтычная нафта - своеасаблівы мікс усіх відаў паліва. Такую вадкасць можна раскласці на бензін, дызель, керасін. У абагравальнай сістэме дамоў яе ўжо ў такім выглядзе можна выкарыстоўваць замест прыроднага газу. Працуе ўстаноўка літаральна на паветры - падчас перапрацоўкі са смецця выдзяляецца гаручы газ, які забяспечвае бесперабойную работу ноу-хау.

Гума, пластык, машыннае масла - любыя, зробленыя з нафты вырабы, можна ператварыць назад у «чорны скарб». У вакуумным кантэйнеры пад дзеяннем тэмпературы 400 градусаў смецце пачынае ператварацца ў пару, якая фільтруецца, астуджваецца і асядае ў выглядзе вадкасці. Напрыклад, з 10 кілаграмаў гумы атрымліваецца больш за 5 кілаграмаў гаручай сумесі.

Убачыць у дзеянні вынаходку беларускага інжынера ўжо прыязджалі бізнесмены з Літвы, Польшчы, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Расіі. Зараз Віталь працуе над прамысловым аналагам сваёй машыны. Устаноўка памерамі з прычэп цяжкагрузу зможа за суткі пазбаўляць нас ад 5 тон смецця і пры гэтым выдзяляць паліва, якога хопіць на тыдзень для ацяплення дзясятка прыватных дамоў, нават калі за акном будзе стаяць лютая зіма.