Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт плануе прыняць пяць тысяч будучых студэнтаў

8 июля 2016

Вышэйшыя навучальныя ўстановы сёння пачалі прыём дакументаў ад абітурыентаў. Галоўная ВНУ краіны - Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт - плануе прыняць пяць тысяч будучых студэнтаў. Тут для зручнасці афармлення дакументаў адкрыта анлайн-рэгістрацыя, ў асабістым кабінеце абітурыенты могуць зарэгістравацца і сачыць за конкурснымі баламі. Але ёсць і тыя, хто стаў студэнтам аўтаматычна, пасля здачы цэнтралізаванага тэсціравання.

Уладзіслаў Раянтовіч з Мінска паказаў лепшы вынік за ўсю гісторыю ЦТ - 399 балаў: па 100 - за кожны прадмет і 99 - сярэдні бал атэстата. Юлія Токар сустрэлася з інтэлектуалам і даведалася - пра якую ж прафесію ён марыць.

У 61-й гімназіі ён правучыўся ўсе 11 гадоў. З пятага класа Уладзіслаў Раянтовіч не прапусціў ніводнай алімпіяды. Раённыя, гарадскія, рэспубліканскія... і заўсёды прызавыя месцы, і нават Прэзідэнцкая прэмія! З матэматыкай і фізікай юнак на ты. З дзяцінства марыў стаць кібернэтыкам і ствараць праграмы для даследавання Сусвету. Ужо тады Уладзіслаў ведаў, што для гэтага спачатку трэба скончыць галоўную ВНУ краіны.

План не проста выканаў… Стаў своеасаблівым рэкардсменам! За ўсю гісторыю цэнтралізаванага тэсціравання такога выніку яшчэ не было: па 100 балаў за кожны з трох прадметаў ЦТ і 99 - сярэдні бал атэстата.

Акрамя любімых фізікі і матэматыкі, трэцім іспытам абраў беларускую мову. Асабліва дэталёва рыхтаваўся да яе амаль два гады. І ўвесь гэты час дапамагала і падтрымлівала настаўніца Валянціна Саханькова.

Сёння, у першы дзень падачы дакументаў у ВНУ, Уладзіслаў з самага ранку ў БДУ. Праўда, у адрозненне ад многіх іншых абітурыентаў - не хвалюецца, з найвышэйшым балам ён - па-за конкурсам.

Сёлета толькі ў БДУ плануюць залічыць амаль пяць тысяч абітурыентаў.

Для абітурыентаў з 15 чэрвеня адкрылася анлайн-рэгістрацыя. Сёлета электронны рэсурс абнавілі і пашырылі функцыі. Зараз будучыя спецыялісты змогуць у асабістым кабінеце сачыць за конкурсам на працягу усёй кампаніі. Для зручнасці ва ўнутраным дворыку БДУ ёсць бясплатны доступ у Інтэрнэт - адсочваць інфармацыю можна адразу праз планшэт або тэлефон.

Тэрмін прыёму дакументаў сёлета скараціўся. На бясплатную форму навучання падаць іх можна да 14 ліпеня. З 15-га пачнуцца ўнутраныя экзамены на творчыя спецыяльнасці. Заяўкі на платную форму будуць прымацца да 1 жніўня.