Беларускі футбол панёс вялізную страту. Памёр Анатоль Капскі

23 сентября 2018

Працягваем "Галоўны эфір" з сумнай навіны для ўсёй спартыўнай супольнасці краіны. Учора пайшоў з жыцця стваральнік магутнага футбольнага брэнда і старшыня праўлення футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі. Яму было ўсяго 52 гады. Беларускі футбол панёс вялізную страту, і нават сёння ў гэтую навіну абсалютна не хочацца верыць. Белтэлерадыёкампанія таксама выказвае спачуванні родным і блізкім.

Ён вывеў беларускі футбол на высокі ўзровень, стварыў адзін з самых паспяховых клубаў Усходняй Еўропы, а яго каманда перамагала "Баварыю", "Ліль", "Атлетык". І на роўных гулялі з "Ювентусам". Дзякуючы Анатолю Капскаму спалучэнне слоў “БАТЭ-Барысаў” без акцэнту мог вымавіць любы еўрапейскі балельшчык. За 10 гадоў каманда, якая прадстаўляе райцэнтр Мінскай вобласці, пяць разоў выступіла ў групе Лігі чэмпіёнаў і чатыры разы ў Лізе Еўропы.

Развітацца з Анатолем Капскім можна будзе заўтра ў фае "Барысаў-Арэны". Грамадзянская паніхіда пройдзе з 11 раніцы да гадзіны дня.

Андрэй Казлоў успамінае самага паспяховага менеджара ў беларускім футболе, які пайшоў непераможаным.

Анатоль Капскі: "Я такі чалавек, што люблю выйграваць. І любое паражэнне для мяне страшная пакута і кара".

Аддаць сэрца любімай справе насуперак усяму - самая каштоўная якасць. Футболу, гульні азарту і эмоцый, гэта зрабіць удвая цяжэй. Сэрца Анатоля Капскага спыніцца 22 верасня ў 11 гадзін. У 52 гады.

У гэтыя выхадныя ўсе матчы пачнуцца з хвіліны маўчання. А неба цяжкім грузам навісне над Беларуссю, над краінай, якую вельмі любіў Анатоль Капскі. "Шахцёр" у гэты дзень прайграе "Іслачы". Але ў такія моманты кожны задумаецца аб сапраўднай каштоўнасці жыцця.

Нягледзячы на праблемы са здароўем яшчэ з нараджэння, калі здарылася запаленне лёгкіх, і з юнацтва, калі выявіліся першыя прыкметы анкалогіі, Анатоль Капскі ішоў да сваёй мары. У 90-ыя ніхто не мог марыць, што беларускі клуб згуляе з "Міланам", "Ювентусам", "Барселонай", "Рэалам". І будзе перамагаць "Баварыю". Капскі ўвасобіць у рэальнасць не толькі свае мары, але і нашы.

Словы падтрымкі, калі сайт БАТЭ паведаміць аб такой навіне, тут жа паляцяць з усіх куткоў Беларусі і свету. І нават знакаміты футбаліст "Чэлсі" і ПСВ, які зусім нядоўга гуляў у БАТЭ, Матэя Кежман не застаўся ўбаку. Яму хапіла некалькіх месяцаў у нашай краіне, каб адчуць велічыню стваральніка футбольнага клуба БАТЭ.

Матэя Кежман: "Спачывай з мірам, дарагі Анатоль. Вечная памяць. Дзякуй за выдатныя моманты. Было вельмі прыемна ведаць Вас і працаваць з Вамі! Спачуваю сям'і і ўсяму клубу БАТЭ".

Дар'я Домрачава: "Вельмі цяжка паверыць. Анатоль Капскі - чалавек справы, чалавек, які вядзе за сабой. Дзякуй за ўсё тое, што Вы зрабілі для беларускага спорту. У маёй памяці Вы застанецеся такім - поўным энергіі, чалавекам, які жыве справай, шчырым, з адкрытай усмешкай на твары. Не хочацца і не атрымліваецца паверыць. Прыношу свае спачуванні родным і блізкім".

Аляксандр Глеб: "Дагэтуль не магу паверыць. Не магу знайсці слоў! Як такое адбылося? Анатолевіч, Вы для мяне былі тытанам, які праходзіў любыя выпрабаванні. Гледзячы на вас, верыў заўсёды, што ўсё будзе добра! Дзякуй за ўсё, што Вы рабілі для ўсіх нас! Смуткуем. Светлая памяць!"

Капскі пойдзе, але пойдзе непераможаным. У БАТЭ за 22 гады гісторыі мянялася ўсё: стадыёны ("Барысаў-Арэна" для райцэнтра сёння выглядае чымсьці фантастычным), трэнеры, якім Барысаў даваў дарогу ў жыццё, гульцы і лідары. На вачах юныя футбалісты, як Ліхтаровіч і Радзівонаў, станавіліся легендамі клуба. Але нязменнай заставалася адна фігура.

14 чэмпіёнскіх тытулаў, 3 Кубкі Беларусі, 7 Суперкубкаў. У Еўропе БАТЭ стаў моцнай камандай, што ўдзельнічала ў групе Лігі чэмпіёнаў пяць разоў, у Лізе Еўропы чатыры разы, прычым двойчы клуб выходзіў у плэй-оф. Акрамя футбольнай дзейнасці, Капскі быў і дзяржаўным дзеячам. Многія гады кіраваў заводам БАТЭ, які па стане здароўя пакінуў летась, сканцэнтраваўшыся на галоўнай справе жыцця - футболе.

Анатоліч, як яго звалі сябры, заўсёды з усмешкай. Такім яго запомняць усе. Прыклад таго, як звычайны беларускі хлапчук, які вырас у вёсцы, дамогся ў сваёй справе небывалых вышынь.

І калі сапраўдную велічыню чалавека разумееш толькі пасля таго, як ён пакінуў нас. Развітанне пройдзе заўтра ў фае "Барысаў-Арэны" з 11:00 да 13:00.