Беларускі экіпаж МНС дапамагаў тушыць пажар у Баржомскай цясніне

29 августа 2017

Амаль паўсотні вылетаў і тон скінутай вады. Беларускі экіпаж МНС вярнуўся з Грузіі, дзе дапамагаў тушыць пажар у Баржомскай цясніне. Верталёт Мі-26 з 10 пажарнымі прызямліўся на аэрадроме Ліпкі літаральна гадзіну таму. На зямлі баявых таварышаў сустракалі калегі і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. У дакладзе кіраўніку ведамства камандзір экіпажа Тадэвуш Курсевіч адзначыў, што з пастаўленай задачай яны зладзіліся без заўваг. Адзначым, што на радзіму беларускія ратавальнікі адправіліся толькі пасля таго, як стыхія ў Баржомскай цясніне цалкам была ліквідаваная.

Нагадаем, па даручэнні Кіраўніка дзяржавы беларускія ратавальнікі адправіліся ў Грузію 22 жніўня. Нашы суайчыннікі працавалі прыкладна на чвэрці ахопленай агнём плошчы. Беларускім агняборцам і кіраўніцтву краіны за дапамогу падзякавалі прэм'ер-міністр і прэзідэнт Грузіі.