Беларускі чэмпіянат свету па хакеі б'е ўсе рэкорды наведвальнасці

21 мая 2014

На кожны матч лядовага форуму прыходзяць каля 10 тысяч гледачоў. А тэлеаўдыторыя можа скласці не менш чым мільярд чалавек. 150 кампаній з усяго свету ў рэжыме рэальнага часу распавядаюць балельшчыкам пра тое, што адбываецца на лядовых арэнах. Усе 64 матчы ў прамым эфіры, а затым і ў паўторы паказвае Белтэлерадыёкампанія. Пра лепшыя моманты хакейнага першынства штодня ў прамых уключэннях, аглядах і спецыяльных рэпартажах распавядаюць і карэспандэнты Агенцтва тэленавін.


Хто і як працуе за кадрам? Заслону тэлевізійнай кухні прыадчыніў Аляксандр Харавец.


Прамыя трансляцыі хакейных матчаў, эксклюзіўныя рэпартажы з самага цэнтра лядовых арэн, каментарыі лепшых хакеістаў. Штодня на каналах Беларусь 1, Беларусь 2 і Беларусь 5 тэлегледачы назіраюць за лепшымі момантамі хакейнага першынства сусветнага маштабу. Толькі ў Агенцтве тэленавін на чэмпіянаце свету працуюць 40 журналістаў і аператараў.


Для карэспандэнта Сяргея Гусачэнкі выхад у прамы эфір у Панараме - звычайная справа. Рэпарцёр сам вялікі прыхільнік хакея, і тут ён не стрымлівае сваіх эмоцый. Асабліва, калі ўпадабаная каманда перамагае.


Сяргей Гусачэнка, карэспандэнт АТН: Работу на такіх форумах, пэўна, складана працай назваць. Хутчэй нават задавальненне. У асноўным з-за таго каларыту, які тут можна прачуць. А каб прачуць, трэба сюды прыйсці. Калі вялізная арэна ва ўнісон хварэе за ўпадабаную каманду, калі ўся 15-тысячная арэна ва ўнісон крычыць: Беларусь-Беларусь!. І ты свайго голасу не чуеш, калі працуеш на камеру.


Ужо сёння мінскі чэмпіянат свету кіраўніцтва Міжнароднай федэрацыі хакея назаве самым наведвальным. У сярэднім на кожны хакейны матч прыходзяць каля 10 тысяч гледачоў. А сустрэча зборных Беларусі і Расіі на Мінск-Арэне ўстанавіла новы рэкорд наведвальнасці турніру - 14 тысяч 679 гледачоў. Тэлеаўдыторыя можа скласці не менш за мільярд чалавек.


Рэнэ Фазэль, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея: Чэмпіянат свету ў Мінску - штосьці экстраардынарнае. Ніколі такога не было, каб турнір праходзіў у адным горадзе і ўсе матчы збіралі столькі людзей на трыбунах.


Эксклюзіўнае права паказу ўсіх 64 матчаў чэмпіянату свету па хакеі належыць Белтэлерадыёкампаніі. На пляцоўцы каля Мінск-Арэны побач стаяць 5 перасовачных тэлестанцый. Такім чынам, паўтары сотні кампаній з усяго свету ў рэжыме рэальнага часу распавядаюць балельшчыкам, што адбываецца на лядовых арэнах.

Беларусы атрымліваюць якасную карцінку з гэтай перасовачнай тэлестудыі. Штодня каманда рэжысёраў Белтэлерадыёкампаніі паказвае лепшыя моманты хакейнага першынства мільёнам беларускіх гледачоў. Паводле звестак даследаванняў, толькі за першыя тры дні чэмпіянату хакейныя матчы на тэлеканалах Беларусь 2 і Беларусь 5 паглядзелі звыш 3,5 мільёнаў гледачоў старэйшых за 4 гады, што складае каля 60% беларусаў.


Дзмітрый Шадко, першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі: Нашых магчымасцяў і тэлекамунікацыйнай інфраструктуры з лішкам хопіць для таго, каб забяспечыць трансляцыю абсалютна ўсіх мерапрыемстваў ЧМ у той якасці, у якой здольна зняць сёння тэлебачанне, і без перашкод даставіць да нашых абанентаў, якія глядзяць тэлевізар па ўсёй краіне.


Адчуць сябе сапраўдным фанатам можна не толькі на трыбунах. Трансляцыі хакейных матчаў ідуць на каналах Белтэлерадыёкампаніі ў кафэ, рэстаранах, гасцініцах і зонах гасціннасці.


Цырымонію закрыцця і фінальны матч 78 чэмпіянату свету па хакеі ў прамым эфіры пакажа і Беларусь 1. Адразу пасля праекта Галоўны эфір у нядзелю ў 21:00.