Беларускі "Алмаз" зноў лепшы

14 августа 2018

Байцы спецпадраздзялення вярнуліся з узнагародамі адразу з некалькіх спаборніцтваў. Упершыню нашы снайперы прынялі ўдзел у міжнародным турніры ў Чэхіі. Там сабраліся спецыялісты стралковай справы з 11 краін свету. Беларускім стралкам не было роўных у парным заліку, усе прызавыя месцы дасталіся і ў асабістым. А днямі наша каманда вярнулася з Расіі, дзе падчас трыятлона "Алмаз" узяў бронзу.

Працягне тэму Аляксандр Камовіч. Стральба па рухомых цэлях, пошук і паражэнне замаскіраванага снайпера, агонь з караткаствольнай зброі. Сёлета каманда беларускага спецпадраздзялення "Алмаз" упершыню прыняла ўдзел у міжнародным турніры International Sniper Cup, які праходзіў у Чэхіі. І як паказала практыка, беларускія спецыялісты зноў пацвердзілі свой высокі статус.

Намеснік начальніка снайперскага аддзела СПБТ "Алмаз" МУС Беларусі: "Да гэтага арганізатары не асабліва хацелі нас запрашаць, аргументуючы гэта тым, што праводзяцца спаборніцтвы толькі для краін блока НАТА. Але сёлета, скажам так, мы туды прарваліся, і ўдала атрымалася ўсё. Занялі першае і другое каманднае месца. Спаборніцтвы вельмі дынамічныя былі, часу на абдумванне практычна не было. Перад практыкаваннем кароткі брыфінг, далей стралкам неабходна было на працягу хвіліны прыняць рашэнне і выканаць".

Сёлета ў турніры прынялі ўдзел снайперы з 11 краін свету. Удзельнікі на працягу трох дзён выканалі больш за 30 практыкаванняў. Усе этапы, гавораць спецыялісты, практыка жыцця - усе яны максімальна набліжаныя да баявых. Ускладнялася праграма і тым фактам, што страляць даводзілася з чужой зброі.

Яшчэ адзін сур'ёзны чэмпіянат спецпадраздзяленняў - гэта трыятлон, які традыцыйна праходзіць у расійскай Балашысе. Гэтыя спаборніцтвы ўжо называюць Алімпіядай спецназа. А наша каманда кожны год лічыцца ў фаварытах. Таму гэтым разам нашых байцоў чакала сур'ёзная канкурэнцыя.

Як вынік - 3 месца. Зрэшты, галоўны паказчык прафесіяналізму не месцы і кубкі, а гатоўнасць выканаць баявую задачу

Адзначу, што кожны год на трыятлон адпраўляецца новы склад. У самім "Алмазе" называюць гэта абкаткай маладых байцоў. Галоўная задача байцоў - абараніць чалавека ў любой сітуацыі і нейтралізаваць ворага. Таму кожны турнір спецпадраздзяленняў - гэта праекцыя рэальных гісторый. А зарука поспеху - гэта да ўсяго іншага камандная праца і пачуццё сяброўскага пляча.