Беларускія аграрыі набліжаюцца да фінальнага этапу ўборачнай. Засталося апрацаваць 20 % плошчаў.
Намалочана 5 млн 194 тыс. тон збожжа. Хутчэй за ўсіх працуюць на Брэстчыне. Тут абяцаюць да канца тыдня завяршыць уборку. Самы высокі намалот у Мінскай вобласці. За месца ў тройцы лідараў змагаюцца Гродзенская і Магілёўская вобласці. Нараўне ідуць Гомельскі і Віцебскі рэгіёны.
Экіпаж-трохтысячнік з'явіўся на поўначы краіны. Першымі гэты рубеж пераадолелі Валянцін і Уладзіслаў Лапцінскія. Узнагароджанне перадавікоў жніва адбылося на палях Аршанскай аграпрамысловай структуры. Бацька з сынам не першы год працуюць у тандэме. Летась яны таксама сталі трохтысячнікамі, але ў гэтым сезоне падысці да круглай лічбы ўдалося значна хутчэй.
Тысячны намалот на поўначы краіны ўжо пераадолелі амаль сто экіпажаў. Аграрыі ўпэўнена выходзяць на фінішную прамую. Сёлета завяршыць жніво плануюць на два-тры тыдні раней чым звычайна.













