Беларускія ўрачы пры ўдзеле расійскіх калег правялі найскладанейшую аперацыю на сасудах галаўнога мозгу

30 января 2013
Беларускія ўрачы пры ўдзеле расійскіх калег правялі найскладанейшую аперацыю на сасудах галаўнога мозгу. Яны выразалі пухліну пад кантролем рэнтгенапарата і найменш траўматычным для пацыента спосабам. Такія ўмяшанні ўнікальныя не толькі для нашай краіны, але і для сусветнай медыцыны. Дзеля абмену тэхналогіямі і знаёмства з новымі магчымасцямі беларускага цэнтра ў Мінск прыехалі спецыялісты дзвюх вядучых расійскіх клінік. Гэта першы міжнародны вопыт пасля рэканструкцыі цэнтра, аперблокі якога зараз лепшыя ў рэспубліцы. У панядзелак вынікі рэканструкцыі ацаніў Кіраўнік дзяржавы. Стварэнне клінікі такога класа было яго даручэннем, а мадэрнізацыя ішла пад асабістым патранажам Прэзідэнта. Грошай укладзена нямала, аднак зараз беларусы змогуць на Радзіме атрымліваць дапамогу, якая раней была даступная толькі за мяжой.
Расійскія калегі высока ацанілі ідэю сабраць пад адным дахам лепшых беларускіх нейрахірургаў і перадавое абсталяванне. А нашы ўрачы ўжо назвалі гэта новым этапам развіцця айчыннай нейрахірургіі. Напрыклад, найноўшымі методыкамі зараз тут могуць лячыць хваробу Паркінсана, эпілепсію і дзіцячы цэрэбральны параліч.