Беларускія навукоўцы - за крок ад стварэння новых лекаў для паніжэння артэрыяльнага ціску

4 марта 2014

Да такога выніку даследчыкі Акадэміі навук прыйшлі праз расшыфроўку структуры разумнага бялку. Над ёй працавалі больш за 10 гадоў, у тым ліку і навукоўцы лепшых даследчых цэнтраў свету.


Аб прарыве беларускіх біяхімікаў, які ўжо ўвайшоў у топ-10 лепшых навуковых дасягненняў Акадэміі навук, - рэпартаж Улады Карніцкай.


Яшчэ некалькі гадоў таму Наталля Струшкевіч стажыравалася ў адным з лепшых інстытутаў Канады. Там дзяўчына і пачала працаваць над даследаваннямі, якія вядуцца амаль 10 гадоў. Але сенсацыйнага выніку дамаглася толькі на радзіме. Разам з калегамі з Інстытута біяарганічнай хіміі яны першыя ў свеце расшыфравалі трохмерную структуру аднаго з самых загадкавых бялкоў пад назвай альдастэрон сінтаза.


Наталля Струшкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, кандыдат хімічных навук: Уся мая прафесійная кар'ера была звязаная з цытахромамі, і, уласна, я была запрошаная менавіта на працу з гэтай групай бялкоў, таму пікавым і ключавым ва ўсёй гэтай працы была расшыфроўка структуры.


Як зараз прызнаецца Наталля Струшкевіч, расшыфроўка структуры гэтага бялку - чыстае шанцаванне. Бо для гэтай працы навукоўцам нават не хапала матэрыялу для даследаванняў.


У арганізме чалавека гэтага бялку вельмі мала. А для таго каб яго даследаваць навукоўцам, была неабходна вялікая колькасць. Таму вырашылі схітраваць - падмануць бактэрыю. Менавіта ў яе ўкаранілі бялок, і яна яго нават прыняла як роднага і пачала вырабляць новы. Прычым як і было трэба - шмат.


Зараз, ведаючы трохмерную структуру альдастэрону сінтазы, нашы навукоўцы прыняліся за распрацоўку лекаў, якія будуць дапамагаць гіпертонікам. Бо менавіта гэты бялок кантралюе водна-солевы баланс у арганізме чалавека. А, як вядома, чым вады больш, тым і артэрыяльны ціск вышэйшы.


Сяргей Усанаў, дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі: Ёсць і ўласныя распрацоўкі, і аналагі. Але што я хачу сказаць, што ў нашым інстытуце распрацаваныя ўласныя тэхналогіі для атрымання гэтых прэпаратаў, якія больш дасканалыя і больш эфектыўныя.


Вырабляць новыя лекі плануюць проста ў інстытуце ў спецыяльным цэху. Зараз тут ужо выпускаюць 14 прэпаратаў. Плюс яшчэ тры праходзяць рэгістрацыю. Калі ўсё атрымаецца, то ўжо зусім хутка на лініі з'явяцца і лекі, якія дапамогуць гіпертонікам. Гэта яшчэ адзін сур'ёзны крок у рэалізацыі праграмы імпартазамяшчэння, дакладна - у фармацэўтыцы.