Беларускія навукоўцы з кітайскімі калегамі рэалізуюць парадку 10 сумесных праектаў

7 мая 2015

Беларускія навукоўцы з кітайскімі калегамі сёння рэалізуюць парадку 10 сумесных праектаў на суму 4,5 мільёна долараў. Лазеры для медыцынскай тэхнікі, ледары для даследавання атмасферы і спектрометры для выяўлення радыяцыі ў вадаёмах. Палова з гэтых праектаў - праца нашых фізікаў. Прычым, гаворка ідзе не толькі аб продажы распрацовак замежным калегам, але і аб сумесных даследаваннях. Сёння адзін з такіх кантрактаў ужо рэалізуецца. Беларускія навукоўцы разам з кітайскімі калегамі ўдасканальваюць прыбор для лячэння жаўтухі. У нашых клініках ён ужо працуе, бо вынайшлі яго ў Інстытуце фізікі яшчэ некалькі гадоў таму, а вось для таго, каб стаў эфектыўным для пацыентаў Паднябеснай, спецыялісты плануюць яго дапрацаваць.

Аб захаванні здароўя з пялёнак - рэпартаж Улады Карніцкай. Яго папярэднік быў у 150 разоў цяжэйшы. А таму нядзіўна, што новы апарат для лячэння жаўтушкі ў нованароджаных аўтары - навукоўцы Інстытута фізікі - назвалі "Малы". Прыбор можа ўсяго за некалькі сеансаў вылечыць немаўля.

Гэтую ляльку ў лабараторыі ласкава завуць Ванечка. Менавіта дзякуючы яму ўжо пасля вырабу прыбора навукоўцы змаглі яго цалкам наладзіць. Бо знаходзіцца ўсталёўка павінна на адлегласці амаль паўметра ад дзіцяці. Так, каб светлавая пляма, якая падае на малога, была пэўнага памеру - 30 на 50 сантыметраў.

Такія прыборы сёння ёсць практычна ва ўсіх радзільнях нашай краіны. А неўзабаве з'явяцца і ў кітайскіх.

Як раз зараз навукоўцы з дзвюх краін праводзяць усе неабходныя даследаванні. І, гавораць эксперты, фактычна новы апарат, ужо з улікам нацыянальных асаблівасцяў замежных пацыентаў, з'явіцца сёлета.

З калегамі з Паднябеснай сёння беларускія навукоўцы ўвогуле ўвасабляюць у жыццё больш як 10 праектаў - у галіне энергетыкі, хіміі і электронікі. Яшчэ столькі ж праектаў у стадыі абмеркавання. І рынак гэты, гавораць беларускія спецыялісты, не проста перспектыўны - традыцыйна стратэгічны.

Аляксандр Сукала, намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі: "Кіраўнік дзяржавы вызначыў КНР як стратэгічнага партнёра нашай краіны. Для таго, каб размаўляць на адной мове нават з эканамічных пазіцый, нам, вядома, трэба ведаць што і як робіцца ў Кітаі наогул. Супрацоўніцтва з такой дзяржавай, якая дынамічна развіваецца, сапраўды і гонар, і заслуга ў вялікай ступені тых дасягненняў, якія мае НАН Беларусі".

Абменьвацца вопытам без фармальнасцяў навукоўцам дзвюх краін стане яшчэ прасцей. Літаральна праз некалькі дзён - падчас візіту ў нашу краіну лідара Кітая Сі Цзіньпіна - у ліку шэрагу пагадненняў плануецца і падпісанне дакумента аб супрацоўніцтве нашай

Акадэміі навук і Акадэміі грамадскіх навук Кітая. Па сутнасці, гэта самае галоўнае навуковае ведамства Паднябеснай. У ім працуе больш як 4 тысячы даследчыкаў, гадавы бюджэт арганізацыі - 300 мільёнаў долараў, і толькі эканамічных інстытутаў у ім 9.

А значыць, не выключаюць ужо нашы спецыялісты, адным з прыярытэтных кірункаў працы стане маркетынг у навуцы. Навукоўцы плануюць распрацаваць стратэгію выгадных продажаў распрацовак, у тым ліку сумесных.