Назву, адпаведна, прыдумалі самую беларускую - Мікола. Нічога падобнага, упэўніваюць распрацоўшчыкі, у свеце няма. Акрамя гэтага, Мікола гатовы пацешыць сапраўдных гурманаў водарам эхінацыі, кмену і нават ісопу. Бульбяную газіроўку пакаштавала і наш карэспандэнт Святлана Чарнова.
Духмяны і салодкі… Гутарка зараз ідзе пра бульбяны канцэнтрат - гэта, мабыць, самы галоўны кампанент у рэцэпце газаванага напою, распрацоўшчыкамі якога сталі беларускія навукоўцы.
Вольга Каласкова, навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, кандыдат тэхнічных навук:
Бульбу вараць пад ціскам. Яна ператвараецца ў напаўвадкую масу накшталт бульбянога пюрэ, крыху больш вадкую. Потым атрыманую масу асвятляюць, напрыклад, фільтруюць, і потым яе ўпарваюць, канцэнтруюць.
У прынцыпе, дзеляцца сакрэтамі вынаходцы, гэта самы складаны этап падрыхтоўкі бульбянога напою. Далей аснову змешваюць з цукровым сіропам, дадаюць лімонную кіслату і вуглякіслы газ - для ўтварэння газу.
На смак напой нагадвае хлебны квас. Дарэчы, Мікола - такую каларытную назву атрымала бульбяная газіроўка, - паводле слоў вынаходцаў, у спякоту выдатна наталяе смагу. Прычым навукоўцы не выключаюць, што гэты напой створыць сур'ёзную канкурэнцыю папулярным брэндам.
Акрамя версіі арыгінальнай, у Міколы ёсць і варыянты для гурманаў - з эхінацыяй, кменам і нават ісопам, у народзе гэта сіні святаяннік. Але ніякай хіміі: у складзе бульбяной газіроўкі выключна натуральныя інгрэдыенты.
Кошт напою за літр - усяго каля пяці тысяч рублёў. Праўда, гэта цана меркаваная, бо нават на ўнутраны рынак пры першапачаткова выдатных перспектывах на знешнім Мікола яшчэ не выйшаў. Месца эксклюзіўнага вытворцы бульбяной газіроўкі пакуль вольнае.














