Беларускія навукоўцы распрацоўваюць новую методыку лячэння парадантозу

8 Сакавіка 2016

У яе аснове будуць стваловыя клеткі. У перспектыве гэтае захворванне, на якое, дарэчы, пакутуюць каля 80% беларусаў, можна будзе вылечыць усяго адным уколам. Гэтая ін'екцыя (а па сутнасці біякампазіт стваловых клетак) зможа аднаўляць разбураныя або пашкоджаныя ў працэсе хваробы тканкі. Над методыкай ужо працуюць у навукова-медыцынскім цэнтры Академіі навук "Клетачныя тэхналогіі". Створаны ён быў усяго крыху больш чым год таму. І за гэты час да ўрачоў цэнтра па дапамогу звярнуліся ўжо некалькі соцень беларусаў. Якія хваробы здольныя лячыць сёння медыкі ў кааперацыі з навукоўцамі стваловымі клеткамі, даведвалася Улада Карніцкая.

Дваццаць пяць гадоў штодзённыя перавязкі, бальніцы і паліклінікі. Для Святланы Яшкінай гэта ўжо стала нормай жыцця. У жанчыны трафічныя язвы. Пераспрабаваных методык лячэння дзясяткі, а некалькі гадоў таму за гэтую пацыентку медыкі нават не браліся. Зараз на прыёме ва ўрача Цэнтра клетачных тэхналогій Святлана Яшкіна спадзяецца, што гэты кабінет апошні на яе доўгім шляху да папраўкі. Тут абяцаюць вылечыць, прычым стваловымі клеткамі.

Напярэдадні ў пацыенткі ўжо ўзялі тлушчавую тканку, з яе навукоўцы выдзелілі стваловыя клеткі, але ў адной дозе іх вельмі мала, зараз вырошчваюць у гэтай лабараторыі. На гэта ўсё спатрэбяцца ўсяго два тыдні. Ужо потым клеткі ўжывяць у пашкоджаныя хваробай месцы пацыенткі. Ехаць нікуды не трэба. Амбулаторыя, лабараторыі і нават банк стваловых клетак - усё ў адным цэнтры.

Крыху больш чым за год існавання гэтага цэнтра сюды звярнуліся па дапамогу звыш 300 пацыентаў з дыягназам "трафічная язва". Але ўжо хутка колькасць пацыентаў, упэўненыя навукоўцы і медыкі, павялічыцца ў некалькі разоў. З часам з'явяцца новыя методыкі лячэння і іншых хвароб.

Ужо зараз тут працуюць над яшчэ адным праектам. У планах у навукоўцаў стварыць методыку лячэння парадантозу. Ад гэтага захворвання ў нашай краіне пакутуюць каля 80% беларусаў. Калі даследаванні будуць паспяховымі, стаматалогія для іх стане яшчэ і менш хваравітай.

Супакояць боль і паскораць загойванне ў будучыні і пры апёках. Гэта яшчэ адзін праект, над якім навукоўцы толькі пачынаюць працаваць з медыкамі. У планах стварыць, напрыклад, спрэй для апрацоўкі такіх ран. Асабліва актуальная такая распрацоўка для людзей са шматлікімі апёкамі, ён элементарна зможа захаваць жыццё.