Беларускія навукоўцы агучылі свой план працы на найбліжэйшыя 20 гадоў

30 ноября 2017

Вытворчасць беспілотных аўтамабіляў, робаты на заводах і лекі ад ВІЧ і гепатыту C. Беларускія навукоўцы агучылі свой план працы на найбліжэйшыя 20 гадоў. На сайце Акадэміі навук размешчаны праект дакумента, дзе вызначаныя прыярытэты развіцця краіны да 2040 года. Распрацоўшчыкі робяць стаўку на Беларусь, як на IT-краіну. Гэта ўкараненне інавацый на вытворчасцях, уцягванне высокатэхналагічных праектаў у эканоміку краіны і павышэнне якасці адукацыі. Сярод прыярытэтаў - стварэнне серыйнай вытворчасці электрамабіляў, развіццё робататэхнікі, сістэм штучнага інтэлекту, распрацоўка і запуск звышмалых нанаспутнікаў. У планах - сур'ёзныя крокі і ў медыцыне: новыя сродкі лячэння ВІЧ-інфекцыі і гепатыту С, а таксама лекі супраць пухліны. Галоўная задача - канкурыраваць на сусветным рынку па шэрагу кірункаў. Падчас распрацоўкі дакумента ўлічаныя меркаванні навукоўцаў, дзяржорганаў і працоўных груп. Мяркуецца, што дзякуючы рэалізацыі стратэгіі да 2040 года навукаёмістасць ВУП павінна скласці 3%. Усе прапановы будуць абмяркоўвацца на 2-м з'ездзе навукоўцаў Беларусі ў снежні.