Беларускія навукоўцы будуць вывучаць цукровы дыябет на генным узроўні

1 декабря 2015

Дапамогуць ім калегі з Еўропы. Гэтую ідэю і яшчэ некалькі сотняў інавацыйных праектаў сёння ў Мінску абмяркоўвалі на Першым еўразійскім форуме маладых навукоўцаў. У беларускай Акадэміі навук сабралася каля паўтысячы спецыялістаў з Расіі, Казахстана, Арменіі, Турцыі і Германіі. І ўсім - да 35 гадоў. Тэрмаахоўныя валокны, прадукты будучыні і нават рэзанатар для знакамітага калайдара - усяго каля 400 праектаў - прэзентавалі ў холе прэзідыума. Дарэчы, ідэя стварэння форуму належыць савету маладых навукоўцаў нашай Акадэміі навук. У яе сценах ужо гавораць пра стварэнне дзясятка сумесных праектаў.

Муніс Дундар, прэзідэнт Еўрапейскай біятэхналагічнай асацыяцыі: "Ужо ёсць ідэя навучыць выкладаць дысцыпліны, звязаныя з біятэхналогіямі. Гэта міжнародны абмен - маладыя навукоўцы і студэнты Беларусі змогуць ездзіць па ўсёй Еўропе. Так і ў вашу краіну могуць прыязджаць замежныя спецыялісты. І праводзіць адукацыйныя семінары".

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі: "У нас сувязі вельмі цесныя. Акадэмія навук падпісала пагадненні прыкладна з 80 краінамі. Мы маем прамыя кантакты як на ўзроўні ўжо прызнаных навукоўцаў, так і маладых навукоўцаў. Прадумваем нават стварэнне моладзевай акадэміі ў нашай Акадэміі навук".

Падоўжыцца Першы еўразійскі форум маладых навукоўцаў чатыры дні. Фінальным акордам стане прэзентацыя 20 беларускіх праектаў на спіч-сесіі ў "Сколкаве". Лепшыя атрымаюць фінансаванне для рэалізацыі.