Беларускія студатрады змогуць прыняць удзел у рэстаўрацыі помнікаў краін Еўрасаюза

3 апреля 2014

Беларускія студатрады змогуць прыняць удзел у рэстаўрацыі помнікаў і гістарычных аб'ектаў краін Еўрасаюза. Праект пагаднення аб супрацоўніцтве ў гэтай сферы самага маладзёжнага грамадскага аб'яднання нашай краіны з еўрапейскімі маладзёжнымі арганізацыямі зараз знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Пра гэта нашаму каналу сёння распавёў кіраўнік Беларускай маладзёжнай арганізацыі Ігар Бузоўскі. Паводле яго слоў, на ўсе юрыдычныя нюансы спатрэбіцца максімум паўгода. Сваю зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларускім саюзам моладзі і канкрэтныя прапановы па рэалізацыі пагаднення ўжо выказала Польшча і Германія.


Ігар Бузоўскі, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ:


Дасягненні насамрэч вельмі сур'ёзныя і вялікія. Мы ўключыліся ў праекты рэспубліканскія і Славянскага базара - у нас ёсць дзень моладзі на Славянскім базары. І на Дажынках мы праводзім Уладары сяла. Маладзёжнай будоўляй аб'яўлена будаўніцтва атамнай станцыі.


І сёння ў Мінску прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з усіх рэгіёнаў краіны разам падводзілі вынікі працы за апошнія тры гады. Асноўны акцэнт - на вынікі дзейнасці будатрадаў. У найбліжэйшы час - гэта яшчэ адна заява, якая прагучала на форуме, - з'явіцца новы кірунак працы валанцёраў-дружыннікаў. Сваю ўвагу ўдзельнікі спецыяльных атрадаў засяродзяць на антынаркатычнай кампаніі.